Будынак ляснога каледжа ў Полацку аддадуць Спаса-Еўфрасіннеўскаму манастыру
Адзін з самых прыкметных будынкаў у Полацку, дзе цяпер размяшчаецца лясны тэхнікум (каледж), перададуць Спаса-Еўфрасіннеўскаму манастыру. Гэтую інфармацыю GOROD214.BY паведамілі чытачы, яе пацвердзілі ў Полацкім райвыканкаме. Там кажуць, што ўжо ёсць адпаведнае распараджэнне кіраўніка дзяржавы.
Лясны каледж пераедзе ў будынак гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза па адрасе Пушкіна, 2. У эканамічны каледж больш не будуць набіраць абітурыентаў.
А вось як менавіта манастыр будзе выкарыстоўваць чырвоны будынак на Еўфрасінні Полацкай, 77 – пакуль невядома. Па адной з версій там будзе гатэль для паломнікаў. Магчыма, з’явіцца і музей.
Полацкі лясны тэхнікум (каледж) заснаваны ў 1921 годзе. Але будынак, у якім ён месціцца, быў узведзены напрыканцы 19-га стагоддзя для Свята-Еўфрасіннеўскага епархіяльнага вучылішча. Там атрымлівалі адукацыю дзяўчынкі, якія потым маглі стаць хатнімі настаўнікамі.