Букмекеры пачалі прымаць стаўкі на Нобеля
У літарацкім спісе ёсць палякі і эстонцы, але няма беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў. Імя сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры будзе абвешчанае праз месяц, 6 кастрычніка. Летась букмекеры далі абсалютна правільны прагноз, што ўзнагарода дастанецца беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч. Цяпер галоўным фаварытам нобелеўскай гонкі, і ўжо не ўпершыню, называюць японскага пісьменьніка Харукі Муракамі.
На другім месцы 86-гадовы сірыйскі паэт Адоніс, які шмат гадоў жыве ў эміграцыі. У спісах букмекераў таксама прысутнічаюць палякі Адам Загаеўскі і Вольга Такарчук, а таксама эстонцы Яаан Каплінскі і паэтка Дорыс Карэва.
Тэарэтычна ад Беларусі на Нобельскую прэмію цяпер можа прэтэндаваць толькі Уладзімір Някляеў, якога ўжо вылучалі на гэтую самую прэстыжную літаратурную ўзнагароду і які мае досыць шмат перакладных кніг, выдадзеных у замежжы, у тым ліку ў Швецыі. Дарэчы, раман Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», які ўжо быў узнагароджаны ў 2013 годзе літпрэміяй імя Ежы Гедройца, сёлета ў польскім перакладзе трапіў у шорт-ліст літаратурнай прэміі Сярэдняй Еўропы Angelus.
Яшчэ адзін сур’ёзны кандыдат ад Беларусі – паэт Алесь Разанаў, мае значна менш шанцаў. І не толькі таму, што мала перакладаецца за мяжой, але перадусім з-за прыхільнасцяў акадэмікаў з журы Нобелеўскай прэміі, якія апошнім часам вельмі рэдкае прысуджаюць узнагароду паэтам.
Беларускае Радыё Рацыя