Буквары на 587 мовах будуць прадстаўлены на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы
Каля 1 тыс. 400 буквароў на 587 мовах прадставіць міжнародная выстава „Буквары народаў свету”, якая адкрыецца 26 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Выстава прымеркавана да знамянальнай даты – 400-годдзя выдання першай у свеце кнігі пад назвай „Буквар”, якая была падрыхтавана беларусамі, расказалі ў НББ. Кожны з экспанатаў, а прадстаўлены выданні з Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі, з’яўляецца мініяцюрнай энцыклапедыяй, у якой у нагляднай і забаўляльнай форме падаюцца веды аб гісторыі, геаграфіі, культуры свайго народа.
Аснову экспазіцыі складае ўнікальная прыватная калекцыя буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг аб народах свету і іх мовах, калекцыянера Юрыса Цыбульса, якая налічвае звыш 10 тыс. выданняў больш як на 1 тыс. моў. Гэта буйнейшая такая калекцыя ў свеце.
Асаблівае месца на выставе займаюць беларускія кнігі для навучання грамаце XVI-ХХI стагоддзяў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Розныя па складзе, графіцы, мастацкім афармленні, педагагічных прыёмах навучання, яны дэманструюць 400-гадовую гісторыю беларускага буквара.
На вернісажы адбудзецца адкрыццё аб’ёмнага (2,3х3,1 м) памятнага знака, прысвечанага першаму „Буквару”.
Выстава арганізавана пры ўдзеле пасольства Латвіі ў Беларусі, пасольства Беларусі ў Латвіі, праекта мабільнасці Еўрапейскага саюза „MOST”.
Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі да верасня.