“BulbaMovie” пакажа лепшыя стужкі кінафэсту ў Менску
“За апошнія гады ў Беларусі паўстала новая экранная генерацыя”, – мяркуе праграмны дырэктар шостага кінафестывалю “BulbaMovie” Максім Жбанкоў.
З 21-га па 23-га кастрычніка ў Менску пройдуць паказы працаў фестывалю “BulbaMovie”. Другі год запар стужкі конкурснай праграмы будуць паказны ў Беларусі. Першапачаткова кінафэст паўстаў як незалежны фестываль беларускіх фільмаў у Польшчы. “Падобныя імпрэзы паказваюць, што, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, айчынны кінематограф адраджаецца,” – гаворыць Максім Жбанкоў.
– Чаму гэта зрабілася менавіта ў Беларусі. Магчыма таму, што дзяржава зразумела, што з кінематографам не варта змагацца. Магчыма таму, што мы зараз трапляем у чарговую хвалю лёгкай беларускасці, калі нацыянальны рэсурс робіцца важкім аргументам і для ўлады, і ў разліках з нашымі заходнімі і ўсходнімі суседзямі.
“А ўнутры краіны з’яўляецца пляцоўка для творчага асэнсавання сучаснасці”, – падсумаваў Максім Жбанкоў.
Сёлета “BulbaMovie” вызначыць пераможцаў у трох намінацыях: “Лепшы гульнявы фільм”, “Лепшы дакументальны фільм” і “Лепшая анімацыя”.
Паказы ў Менску распачнуцца 21-га кастрычніка ў 19-30 ў малой зале арт-кінатэатру “Тытан”. Апроч таго цягам тыдня стужкі конкурснай праграмы будуць дэманстравацца ў Гародні, Уроцлаве і Варшаве.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя