“Бульбяны фэст” прайшоў у Германавічах



Пяты па ліку “Бульбяны фэст” прайшоў у Германавічах, што ў Шаркоўшчынскім раёне. Ён ладзіцца там ужо традыцыйна некалькі год запар у жніўні. Сёлета на свята завіталі госці з Глыбокага, Дзісны, Віцебска, Наваполацка, Шаркоўшчыны ды Менску.

Па словах наведвальнікаў фэсту, у Германавічы яны прыязджаюць з задавальненнем, бо адчуваюць там душэўны камфорт сярод аднадумцаў і цікавяцца беларускімі традыцыямі.

– Пазнаёміўся з Адай Эльеўнай, бліжэй з Германавічамі, калі яшчэ быў студэнтам. Проста здымаю капялюш, гледзячы на тое, як Пагоня вісела, так і вісіць у музеі. Такіх людзей наогул не шмат. Таму мы прыехалі сюды зноў. Я ўжо новых гасцей прывёз.

– Упершыню я на гэтым фэсце. Люблю беларускія традыцыі. І мы ў Дзісне самі думаем зрабіць нейкі такі «брэнд», традыцыю. Пакуль у нас не атрымліваецца нічога. Таму вось ездзім і вучымся.

Паводле галоўнага арганізатара фэсту – грамадскай дзяячкі Ады Райчонак, фэст прайшоў цікава пры падтрымцы сяброў, родных і мясцовай улады. Яна спадзяецца на тое, што з цягам часу ўлады працягнуць яе ідэю – правядзенне “Бульбянога фэсту” ў Германавічах.

– Выдатна ўсё, і стравы падрыхтавалі з бульбы. Цікавыя былі выступы. Гурты выступаюць цікавыя. Здаецца, усё добра. Мне хочацца, каб быў працяг. Ну колькі я яшчэ, ну можа адзін правяду. Я хачу, каб старшыня сельсавета Мая Яўгенаўна ўзяла на заметку, што ёй трэба арганізоўваць такія святы. Мне здаецца, што людзі проста адпачываюць.

На “Бульбяным фэсце” адбылася прэзентацыя страў з бульбы, гасцей частавалі дранікамі, поліўкай, юшкай ды іншымі стравамі. На свяце выступілі музычны аматарскі і фальклорны калектывы “Душэўная ўтульнасць”, “Калядзіца” з Шаркоўшчыны, а таксама барды Аляксей Жбанаў з Менску і Зміцер Ветразь з Наваполацка. Свае вершы прачытаў Антон Бубала з Верхнядзвінска. Напрыканцы свята адбылася сяброўская бяседа.

Таццяна Смоткіна