Бясплатныя экскурсіі і канцэрт правядуць 11 ліпеня ў Сафійскім саборы
У Сафійскім саборы ў Полацку 11 ліпеня пройдуць бясплатныя экскурсіі і канцэрт з нагоды 25-годдзя „Белтэлекама”, паведамілі ў Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.
Гасцей чакаюць з 10.00 да 17.00 на экскурсіі па Сафійскім саборы, помніку архітэктуры сярэдзіны XI-XVIII стагоддзяў, дзе сёння размяшчаецца музей, канцэртная зала камернай і арганнай музыкі. Экспазіцыя расказвае пра гісторыю архітэктуры самай старажытнай мураванай пабудовы ў Беларусі, якая стала сімвалам незалежнасці і магутнасці першай дзяржавы – Полацкага княства. „Наведвальнікі ўбачаць фрагменты мура ХІ стагоддзя, захаваны фундамент старажытнага храма, на якім і сёння стаіць сабор, фрэскавыя размалёўкі канца ХІ стагоддзя, унікальныя археалагічныя знаходкі. Госці азнаёмяцца з гісторыяй рамонтаў, перабудоў і рэстаўрацый храма”, – адзначылі ў музеі.
У 13.00 будзе магчымасць ацаніць цудоўную акустыку канцэртнай залы і ўнікальнае гучанне полацкага аргана на канцэрце заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай. У гэтым месяцы ў яе выкананні арганныя канцэрты таксама пройдуць 12, 19 і 26 ліпеня.