«Бязродны касмапаліт» Кім Хадзееў ды іншыя



«Бязродны касмапаліт» Кім Хадзееў ды іншыя – кніга пад такой назвай убачыла свет у межах серыі «Беларуская турэмная літаратура», якую выдае праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гэта навукова-папулярнае выданне, падкрэслівае рэдактарка серыі Алёна Лапцёнак:

– Гісторык Уладзімір Валодзін працаваў у архівах, і большасць дакументаў апублікаваныя ўпершыню менавіта ў гэтым выданні. А з другога боку – гэта ўсё ж такі дастаткова папулярная кніга. Мне здаецца, што яна будзе цікавая шырокаму колу чытачоў, таму што постаць Кіма Хадзеева сапраўды незвычайная, пра яе ходзіць шмат легенд, а тут мы маем неаспрэчныя факты.

Анлайн-прэзентацыя кнігі пра Кіма Хадзеева адбудзецца 29 траўня а 19 гадзіны на пляцоўцы Zoom. У мерапрыемстве возьмуць удзел гісторык і ўкладальнік Уладзімір Валодзін, праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў, журналіст і публіцыст Сяргей Ваганаў.

Каб далучыцца да мерапрыемства, трэба напісаць на пошту [email protected] і пакінуць свае кантакты для зваротнай сувязі.

PDF-версія кнігі даступная для спампоўвання на сайце Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі «Камунікат», а папяровую версію кнігі бясплатна дашлюць кожнаму ўдзельніку анлайн-прэзентацыі.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя