Быкаўскія чытанні ў Гародні
Творчую ды грамадскую заслугу пісьменніка Васіля Быкава згадалі на дзявятых гарадзенскіх навуковых чытаннях. У абласной навуковай бібліятэцы пераважна гарадзенскія навукоўцы выступілі з адмысловымі дакладамі. На жаль, да 90-х угодкаў пісьменніка годна падрыхтавалася толькі грамадскасць. Гэтак мясціны, звязаныя з жыццём Васіля Быкава, да гэтай пары ні як не азначаны для турыстаў і жыхароў Гародні, кажа доктар філалагічных навук прафесар Ігар Жук:
– Гэта год, калі наш горад носіць ганаровае імя культурнай сталіцы Беларусі. А дзе Быкаў у гэтай культурнай сталіцы? Тыя дасціпныя спробы выстаўляць саматужныя шыльдачкі дзе жыў Быкаў, ці штосьці такое, яны, канешне, як раздражняльнікі ў некаторай ступені дзейнічаюць на пэўных асобаў, але ідэя цудоўная. Чаму ў нас у Гародні няма цэлага комплексу ўказальнікаў: дуб Быкава, месца Быкава, вакно Быкава. І такіх указальнічкаў магло быць безліч. Каб была сістэма.
Творы Васіля Быкава перакладзены на 50 моваў свету, ён адзін з найбольш вядомых беларускіх пісьменнікаў. Але чыноўнікі, як у краіне ў цэлым, так і на Гарадзеншчыне, не маюць жадання папулярызаваць творчасць слыннага пісьменніка. Да сённяшняга дня няма вуліцы імя Быкава, музей Васіля Быкава носіць грамадскі характар і ўлады не думаюць яму дапамагаць. Добрае выключэнне такой няўвагі – гэтыя гарадзенскія навуковыя чытанні.
[Not a valid template]
[youtube id=”fZmX9C1lRhQ”]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Савелія Малчанава