Быкаўскія дні ў філіяле “Музей-дача Васіля Быкава”
З 19 па 22 чэрвеня 2021 г. Музей-дача Васіля Быкава па традыцыі адзначае Быкаўскія дні – дні памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У гэтым годзе спаўняецца 97 гадоў з дня нараджэння літаратара.
Як заўсёды, у гэтыя дні чакаюць наведнікаў у Музеі-дачы Васіля Быкава па адрасе: Менская вобласць, Менскі раён, а/г Ждановічы, вул. Дачная, 62. Падчас святочных дзён прапануюць знаёмства з невялікай, але вельмі змястоўнай мастацкай экспазіцыяй “Партрэты Васіля Быкава ў творчасці беларускіх мастакоў”. Выстава часовая – працягнецца 19 па 30 чэрвеня 2021 года. На ёй будуць прадстаўлены 16 мастацкіх работ з вобразамі Васіля Быкава, створаных беларускімі мастакамі ў розных выяўленчых жанрах: жывапісу, графіцы, афорту, скульптуры, габелену, маляванцы.
Акрамя таго, у гэтыя дні адбудзецца мастацкі пленэр з удзелам навучэнцаў Менскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. У прыгожым творчым асяроддзі, сярод шумных бяроз, якія так любіў Васіль Быкаў, будучыя мастакі будуць ствараць свае карціны. І ўсе ахвотныя змогуць акунуцца ў гэты таямнічы цуд і пабачыць на свае вочы стварэнне мастацкіх твораў.