Быкаўскія мясціны па-за ўвагай гарадзенскіх уладаў
Гародня магла б стаць месцам паломніцтва для аматараў Быкаўскай прозы. Але ў дзевяностыя ўгодкі з дня народзінаў сусветна вядомага пісьменніка ў горадзе над Нёманам так і не з’явілася вуліца імя Васіля Быкава. Дзясяткі мясцін, звязаных з творчым шляхам пісьменніка, чакаюць ад уладаў увагі, каб уключыць іх у турыстычную сферу, кажа гісторык Віталь Карнялюк.
– Гэтую справу павінна рабіць дзяржава, бо ніякая турфірма маленькімі сваімі намаганнямі такі пласт не падыме. Хоць, канешне, павінны вітацца ўсе намаганні. У нас ёсць што паказваць, у кантэксце чаго паказваць. І гэта будзе прывабна, цікава. У нашым горадзе рабілася таемства творчасці сусветна вядомых літаратурных твораў. І мы можам зрабіць так, каб гэта адчувалася.
У Гародні існуе толькі адна турыстычная фірма, якая займаецца правядзеннем экскурсій па Быкаўскіх мясцінах. Няма знакаў, якія б згадвалі пра творчасць Васіля Быкава ў Гародні. Адзіны напамін пра сусветна вядомага пісьменніка – музей, створаны грамадскай араганізацыяй дэмакратычных ветэранаў. Установа не мае падтрымкі з боку ўладаў і месціцца ў адным пакойчыку.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня