Была ў Гародні “Родная старонка”



У сваім хатнім архіве знайшоў амаль усе нумары “Роднай старонкі”, якая восенню 1989 года пачала выдавацца на старонках штотыднёвіка “Маяк” Гарадзенскага вытворчага аб’яднання “Хваля”. У студзеня 1991 года “Маяк” быў перайменаваны ў газету “Ритм”, але “Родная старонка” па-ранейшаму выпускалася. Рыхтавалі гэту старонку гарадзенскія хлопцы: спачатку Юры Бацылеў і Іван Захар, а потым – адзін Юры Бацылеў.

З таго часу прайшло больш чвэрць стагоддзя. І мне захацелася пагартаць гэтыя дарагія сэрцу “Родныя старонкі”, якімі зачытваліся гарадзенцы, пакідаючы іх сабе на памяць, даведваючыся праўду пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны.

Першы нумар “Роднай старонкі” выйшаў 20 верасня 1989 года. У невялічкай прадмове аўтары звярталіся да чытачоў і паведамлялі, “што старонка напісана моваю, на якой размаўлялі і пісалі свае творы Максім Багдановіч, Янка Купала, Францыск Скарына і Леў Сапега, Цішка Гартны і Уладзімір Караткевіч, якой карысталіся і карыстаюцца нашы прадзеды, дзяды і бацькі. Якую амаль забылі, асабліва ў горадзе… Цяпер многія людзі, а ў першую чаргу моладзь, пачынаюць цікавіцца сваёй спадчынай, гісторыяй, мовай. Ідзе працэс, які дазваляе назваць тое, што адбываецца, адраджэннем Беларусі. І мы спадзяемся, што “Родная старонка” таксама далучыцца да гэтае справы, уносячы сваю кроплю ў крыніцу адраджэння…”.

У першым нумары старонкі былі апублікаваны верш “Пагоня” Максіма Багдановіча, артыкул Вінцука Вячоркі “Аб бела-чырвона-белым сцягу”, а таксама артыкул Я. Ятаўта “Мяккі знак”. У другім нумары “Роднай старонкі” друкаваўся артыкул Юры Гардзеева “Адлюстраванне часоў” пра старыя вуліцы Гародні. Была надрукавана прыкладная праграма курсу беларускай мовы заняткаў па курсу беларускай мовы ва ўніверсітэце “Культура і гісторыя Беларусі”. Артыкул “Юбілей Статута” Крывіча і рэплікі, звязаныя з гербам Гародні і фільмам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. А таксама пра спявака Данчыка, які быў у Менску, выступаў з канцэртамі і якому ўжо падаравалі некалькі нумароў “Роднай старонкі”, а ён для яе пакінуў аўтограф: “Для “Роднай старонкі” ад шчырага сэрца з падзякай і пашанай на даўгі ўспамін ад Данчыка”.

[Not a valid template]

У кожным нумары вёў рубрыку “Творцы беларускае славы” Зміцер Кісель. Пад гэтай рубрыкай друкаваліся артыкулы Зміцера Кісяля пра слаўных сыноў нашай Айчыны. Сярод іх – Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая”, Давыд Гарадзенскі, Вітаўт Вялікі, Соф’я Гальшанская, Канстанцін Астрожскі, Мікола Гусоўскі, Леў Сапега, Радзівілы і дзесяткі іншых. Даўно пара гарадзенцам сабраць лепшае, што напісаў таленавіты Зміцер Кісель, і выдаць асобнай кнігай.

На бачыне “Роднай старонкі” пастаянна друкаваліся “Кароткі агляд гісторыі Беларусі” П.Рагача, малы слоўнік забытых беларускіх слоў, показкі, народныя і ваяцкія беларускія песні, святы. Вось адна з показак. Прытым, гэта была сучасная показка-быль. Гучыць яна так. Бацька падараваў сыну значок з выявай “Пагоні”. Хлопчык пачаў насіць яго замест акцябрацкай зоркі. Праз некаторы час пытаецца сын у бацькі: “Тата, а чаму ў нашым класе я – адзіны беларус, а ўсе астатнія – акцябраты?..”.

Вельмі цікавымі ў “Роднай старонцы” былі навіны. Калі іх чытаеш сёння, дык нават і не верыцца, што ў Гародні ў 1990 годзе праходзілі такія вялікія імпрэзы. Давайце пачытаем некаторыя. Напрыклад, 29 кастрычніка малая зала Дома народнай творчасці ў Гародні была поўнай. Там адзначалася 80-годдзе з дня нараджэння Ларысы Геніюш. А 27 кастрычніка да Каложы прыйшлі 500 школьнікаў з СШ № 9 г. Гародні. Амаль у кожнага з іх былі бел-чырвона-белыя сцяжкі, зробленыя свамі рукамі. Ля Каложы іх сустракаў Вітаўт са зброяносцамі і дружынаю. Кожны з вучняў атрымаў значок з выяваю “Пагоні”. Усё гэта было аргінізавана з ініцыятывы работнікаў школы Святланы Лапцевай і Нэлы Хрушч. А 28 чэрвеня, паведамлялася, што ў палацы “Юнацтва” у Гародні адбыўся канцэрт беларускага ансамбля з Нью-Ёрку “Васількі”, які ўпершыню прыехаў на Бацькаўшчыну. Дарэчы, усе госці, якія наведвалі Гародню, пакідалі свае аўтографы “Роднай старонцы”. Многія з іх друкаваліся. Гэта аўтографы таго ж гісторыка Кастуся Тарасава, паэта Зьніча, святара айца Аляксандра Надсана, пісьменніка Уладзіміра Арлова.

Хоць і не так часта, але ж друкавала “Родная старонка” вершы беларускіх паэтаў, а таксама маладых гарадзенскіх аўтараў Алеся Чобата, Юрася Пацюпы, Юры Карэйвы, Андрэя Пяткевіча, Едруся Мазько.

Не ведаю, колькі ўсіх выйшла з друку “Родных старонак” у “Маяку” (“Ритме”), але ў мяне захавался іх 33. Яна на ніве беларускасці на Гарадзенскім вытворчым аб’яднанні “Хваля”тады зрабіла шмат карыснага, ды не толькі на прадпрыемстве, але і ў самой Гародні. Ці не пара сёння пачаць выдаваць падобныя старонкі ва ўсіх выданнях Гародні?..

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.