Была ў Слоніме “Шчараўская жаба”
У інтэрнэце з’явіўся першы нумар у гэтым годзе гісторыка-краязнаўчага выдання “Слонімскі край”.
Ён адкрываецца вялікім артыкулам пра лёс слонімца Яўгена Дацкевіча (1892-1938) – палітыка, журналіста, літаратара, артыста і вайскоўца. Ён быў сябрам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Расеі, рэдагаваў у Расеі “Веснік Часовага ўраду Паўночнай вобласці”, выступаў супраць бальшавікоў, пільна адсочваў усе падзеі на Бацькаўшчыне. Магчыма, быў удзельнікам Усебеларускага з’езду. У 1938 годзе яго арыштавалі органы НКУС і ў Валагодскай вобласці расстралялі. Больш падрабязна пра лёс Яўгена Дацкевіча чытачы даведаюцца са старонак “Слонімскага краю”.
У лютым 1916 года ў Слоніме немцы выдавалі сатырычную газету “Шчараўская жаба”. Агляд некалькіх нумароў гэтага выдання публікуецца на старонках “Слонімскага краю”.
Свежы нумар выдання парадуе чытачоў і публікацыямі пра лёс метэарыта, які ўпаў на Слонімшчыне 125 гадоў таму, і ўспаміны былой сланімчанкі пра 1920-я гады Надзеі Гайдук, пра адзін здымак слонімскага фатографа Барыса Вайнштэйна і шэраг іншых матэрыялаў. Свежы нумар “Слонімскага краю” і ранейшыя нумары можна прачытаць тут.
Беларускае Радыё Рацыя