Былому прэзідэнту БНР Васілю Захарку – 145 гадоў



1 красавіка  спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння актыўнаму палітычнаму дзеячу ў перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, былому прэзідэнту Беларускай Народнай Рэспублікі Васілю Захарку (1877-1943).

Васіль Захарка (здымак з’явіўся на помніку ў Празе ў 1990-ыя намаганнямі Сяржука Сокала-Воюша, якому яго даслала гісторык Лена Глагоўская з калекцыі Кіры Фенц)

Васіль Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1877 года ў вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна. Маладыя гады былі вельмі цяжкімі. Хлопец хацеў вучыцца, а грошай не хапала, бо бацькі-сяляне былі бедныя. Калі юнаку споўнілася шаснаццаць гадоў, памерлі маці і бацька. Васіль Захарка застаўся круглым сіратою, маючы пад сваёй апекаю сястру і двух братоў. Летам ён вёў гаспадарку, а зімою спрабаваў вучыцца.

Паштоўка.

У 1895 годзе хлопец з Дабрасельцаў вытрымаў экзамены на настаўніка царкоўнапрыходскай школы і нават атрымаў працу. Але тады ў гэтых школах настаўнікам плацілі вельмі мала, таму праз два гады Васіль звальняецца з працы і ўладкоўваецца пісарам. У сярэдзіне кастрычніка 1898 года Васіля Захарку забіраюць на вайсковую службу. Чатыры гады ён вучыцца ў ваенна-юнкерскім вучылішчы, а пасля звальняецца як афіцэр запасу. Але з выбухам руска-японскай вайны яго зноў забіраюць на вайсковую службу. За час службы вайсковец з Зэльвеншчыны набраўся добрага вопыту. У 1906 годзе ён быў справаводам брыгады, у 1914 годзе— памочнікам начальніка аправі- зацыі арміі Паўночна-заходняга фронту, у 1916 годзе — загадчыкам канцылярыі штабу 10-й арміі. А з красавіка 1917 года — намеснікам старшыні ваеннага суда штаба 10-й арміі…

 У канцы кастрычніка 1917 года Васіль Захарка вяртаецца ў Менск і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі з’езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, а пасля становіцца сакратаром Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У снежні 1917 года ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі кангрэс, дзе спадар Захарка быў абраны сябрам Рады. Калі Кангрэс пачалі разганяць бальшавікі, ён трапляе ў палон. Уцёкшы з палону, Васіль Захарка пачынае разам са сваім сябрам Кастусём Езавітавым арганізоўваць збройнае паўстанне супраць бальшавікоў. 19 лютага 1918 года Менск быў ачышчаны і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў з падполля…

Радзіма Васіля Захаркі

У першым урадзе БНР Васіль Захарка займаў становішча дзяржаўнага скарбніка, а пасля меў розныя пасады ў міністэрстве. У 1919 годзе прэзідэнтам Рады БНР быў абраны Пётр Крэчэўскі, а яго намеснікам стаў Васіль Захарка. 2 чэрвеня 1920 года, калі бальшавікі выказалі жаданне весці перамовы з урадам БНР, Васіль Захарка быў прызначаны гэтым урадам старшынёй Надзвычайнай беларускай дыпламатычнай місіі. Але не дамовіўшыся з бальшавікамі, Захарка вяртаецца з Масквы і вядзе далейшае змаганне за незалежнасць Беларусі. У сакавіку 1928 года памірае прэзідэнт Рады БНР Пётр Крэчэўскі. Новым прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі становіцца Васіль Захарка. Гэта быў нялёгкі час як для прэзідэнта, так і для Беларусі. З утварэннем СССР новаму прэзідэнту са сваёй канцылярыяй прыйшлося эмігрыраваць. Васіль Захарка пасяліўся ў сціплай хатцы ў ваколіцы Прагі, хоць чэшскі ўрад з прызнаннем СССР прыпыніў афіцыйныя дыпламатычныя стасункі з БНР. Але прэзідэнт Васіль Захарка не падаў духам і не паддаваўся на розныя правакацыі. Ён, дарэчы, адхіліў таксама ўсе прапановы наконт супрацоўніцтва і з гітлераўцамі…

Царква ў Дабрасельцах

Васіль Захарка збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы паэтку Ларысу Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР. Ён з’яўляецца аўтарам прац «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апублікавана ў кнізе: Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York, 1988), «Беларусь — роль і значэнне на ўсходзе Еўропы» і іншых.

Магіла Васіля і Пелагеі Захаркаў на Альшанскіх могілках у Празе

Памёр прэзідэнт БНР Васіль Захарка ў 1943 годзе. Яго на Альшанскіх могілках у Празе пахавалі побач з жонкаю Пелагіяй (Палінай) Захарка. Магіла, дарэчы, была загадзя закуплена і разлічана на дваіх. Да помніка з выяваю Пагоні, які паставіў Васіль Іванавіч сваёй жонцы, пазней прымацавалі толькі шыльдачку з прозвішчам Васіля Захаркі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя