Былому прэзідэнту Рады БНР Міколу Абрамчыку – 120 гадоў



16 жніўня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча, публіцыста, інжынера, прэзідэнта Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1947-1970 гадах Міколы Абрамчыка (1903-1970).

Мікола Абрамчык

Нарадзіўся Мікола Абрамчык каля Радашковічаў. Навучаўся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі. У 1918 годзе быў упаўнаважаным Беларускай Народнай Рэспублікі у Вілейскім павеце.

Напачатку 1920-х гадоў з мэтаю каардынацыі дзеянняў з менскімі незалежнікамі, ён шмат разоў нелегальна наведваў Савецкую Беларусь.

З 1923 года працягваў адукацыю ў Празе, вучыўся там у сельскагаспадарчай акадэміі, быў дзеячам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый.

У 1930 годзе Мікола Абрамчык пераехаў у Францыю, з’яўляўся заснавальнікам і кіраўніком “Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі” (1932), таксама выдаўцом яго перыядычных выданняў “Бюлетэнь” і “Рэха”.

Мікола Абрамчык і Наталля Арсеннева

З 1943 года Мікола Абрамчык выконваў абавязкі старшыні Рады БНР. А з 1947 да 1970 года быў старшынёй Рады БНР.

Мікола Абрамчык удзельнічаў у міжнародным паваенным антыкамуністычным руху, а ў 1950—1960-я гады з’яўляўся прэзідэнтам Лігі за Вызваленне Народаў СССР. Ён быў адным з ініцыятараў адраджэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў 1948 годзе.

Памёр Мікола Абрамчык і пахаваны ў Парыжы на могілках Père-Lachaise.

Мікола Абрамчык сустракаецца з мэрам Чыкага, 1968 г.

Беларускае Радыё Рацыя