Былому сябру галоўнай управы ТБШ споўнілася 120 гадоў



Адным з актыўных дзеячаў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) у 1930-х гадах на Беласточчыне і Гарадзеншчыне быў беларус Піліп Кізевіч (1898-1985), якому 15 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Піліп Кізевіч 15 лістапада 1898 года ў вёсцы Стральцы Гарадзенскага павета. З маладых гадоў ён актыўна ўключыўся ў беларускі рух. У верасні 1926 года яго абіраюць скарбнікам павятовага камітэту Беларускй сялянска-работніцкай грамады (БСРГ).  А праз год ён становіцца сябрам Гарадзенскай гарадской управы Таварыства Беларускай Школы.

12 ліпеня 1928 года ў Гародні адбываецца з’езд павятовых дэлегатаў ТБШ. Там Піліпа Кізевіча абіраюць скарбнікам Гарадзенскага акруговага і павятовых праўленняў ТБШ. А восенню таго ж года на Гарадзенскім акруговым з’ездзе ТБШ яго аднагалосна выбіраюць дэлегатам на агульны сход ТБШ у Вільню, дзе беларускі грамадскі актывіст становіцца сябрам Галоўнай управы ТБШ, куды акрамя яго ўваходзілі Міхась Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепэль, Рыгор Шырма і Мікалай Марцінчык.

Піліп Казевіч пачынае працаваць і з сябрамі абыходзіць беларускія вёскі, мястэчкі, гарады Гарадзеншчыны і Беласточчыны, дапамагае ствараць гурткі ТБШ, падказвае, раіць, прапаноўвае. На яго імя была нават аформлена беларуская кнігарня ў Гародні, дзе любы жадаючы мог купіць сабе беларускую кнігу, часопіс, каляндар. Паліцыя пачынае пільна сачыць за беларускім актывістам. І 7 ліпеня 1929 года яго арыштоўваюць і саджаюць за краты…

Піліп Кізевіч быў даволі адукаваным чалавекам. Ён часта друкаваўся ў віленскім беларускім друку. Быў заўсёды аптымістам і актывістам. Зімою ў 1932-1933 гадах Піліп разам з сябрамі Беластоцкай акруговай управы ТБШ наладзілі вялікі цыкл лекцый па ўсёй акрузе. Былі арганізаваны пры гуртках ТБШ курсы для дарослых і праведзены заняткі з неадукаванымі і малаадукаванымі людзьмі. Напрыклад, Пяшчаніцкі гурток ТБШ арганізаваў курсы для дарослых, якія складаліся з дзвюх груп: непісьменныя і малапісьменныя. У першай групе выкладалася беларуская мова, вучыліся чытаць і пісаць, лічыць да 100. У другой групе  выкладалася беларуская мова, граматыка, правапіс, арыфметыка, гісторыя і гіаграфія Беларусі. Працавалі каля 25 гадзін.

Піліп Кізевіч стаіць пасярэдзіне. Гродзенскі гурток ТБШ, першая палова 1930-х гадоў.

Пасля Другой сусветнай вайны Піліп Кізевіч жыў у Беластоку. У верасні 1949 года на Беласточчыне пачаліся арганізоўвацца школы з беларускай мовай навучання. У сувязі з гэтым Кураторыя Беластоцкай школьнай акругі (КБША) вырашыла ўзяць чалавека на пасаду візітатара школ для такога віду ўстаноў. У 1950 годзе на гэту пасаду быў прыняты ніхто іншы як Піліп Кізевіч. Тры гады ён працаваў на ніве беларускай асветы на Беласточчыне.

З самага пачатку 1956 года ў Польшчы рабіліся першыя арганізацыйныя захады наконт заснавання Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). У памяшканні Ваяводскага Праўлення Таварыства польска-савецкай дружбы ў Беластоку быў створаны аргкамітэт па стварэнню БГКТ. У яго склад увайшлі 9 чалавек, сярод якіх быў і Піліп Кізевіч. Камітэт павінен быў падрыхтаваць арганізацыйны з’езд і скамплектаваць рэдакцыйны калектыў. І камітэт паспяхова з гэтым справіўся. 26 лютага 1966 года ў Беластоку адбыўся першы з’езд БГКТ.  З’езд Піліпа Кізевіча абраў намеснікам старшыні галоўнага праўлення БГКТ. А 30 сакавіка 1958 года ў Беластоку адбыўся другі з’езд БГКТ. У склад прэзідыума ГП БГКТ увайшлі Уладзімір Станкевіч – старшыня, Піліп Кізевіч – наместнік старшыні і паэт Віктар Швед – сакратар.

Піліп Кізевіч меў шмат сяброў. Асабліва даражыў сяброўствам з тымі, з кім працаваў разам у ТБШ. Ён перапісваўся з Рыгорам Шырмам, Міхасём Забэйдам-Суміцкім, шчыра сябраваў з Пятром Ластаўкай, які быў арганізатарам славутага прадпрыемства ,,Бэтэска” ў Варшаве і фінансаваў беларускія справы. У памяшканні беларускага тыднёвіка ,,Ніва” ў 1958 годзе адбылася сустрэча з Рыгорам Шырмам. На сустрэчу да беларускіх журналістаў і літаратараў вядомага дзеяча Заходняй Беларусі запрасіў Піліп Кізевіч. Ён расказаў аб грамадскай і палітычнай дзейнасці кампазітара ў час санацыйнай Польшчы ў 1920-х-1930-гадах, спыніўся на яго творчасці і дзейнасці. Тады і Рыгор Шырма прыгадваў, як са скрыпкай пад пахай з сябрамі вандраваў па Беласточчыне, ад вёскі да вёскі, збіраючы народныя песні. Пяшчанікі, Страшава, Гарадок, Тапілец – мясціны былі добра знаёмыя і Шырму, і Кізевічу.

Рыгор Шырма сядзіць у цэнтры. Стаіць трэці злева Піліп Кізевіч. Беласток, 1958 г. Фота з архіва Віктара Шведа.

Прыязджаў у Беласток і Міхась Забэйда-Суміцкі ў 1965 годзе. Яго з сябрамі БГКТ шчыра вітаў і Піліп Кізевіч. Гэта ён арганізоўваў у 1937 годзе гастролі спеваку ў Беластоку, гэта ён з радасцю вітаў госця і ў 1965 годзе. Тады Міхась Забэйда-Суміцкі даў сем канцэртаў на Беласточчыне – у Міхалове, Бельску, Саколцы, Гайнаўцы, Мілейчыцах і два ў Беластоку. І заўсёды з ім побач быў сябра Піліп Кізевіч.

Піліпа Кізевіча на Беласточчыне вельмі любіла і паважала беларуская моладзь. Ён для юнакоў і дзяўчат быў аўтарытэтам і беларусам з вялікай літары. Калі не стала Піліпа Кізевіча (памёр 17 студзеня 1985 года), Сакрат Яновіч апублікаваў невялікія ўспаміны ў тыднёвіку “Ніва” (17 лютага 1985 года) пра дзядзьку Піліпа. Артыкул свой ён так і назваў “Памяці дзядзькі Піліпа”. У ім аўтар шчыра і адкрыта казаў: “Дзядзька Піліп увасабляў нам сабою дзівосна жывую лучнасць паміж даўнім і новым, абарваную войнамі, акупацыямі і чым хочаш. Мы, маладыя, глядзелі на яго, як на нейкага такога, хто па-апостальску зведаў тыя далёкія дарогі, па якіх усё ішла да нас беларускасць, гэты наш свой гонар і ў нікога не пазычаная наша свая воля жыць далей на ўласны рахунак, ды на ўласную адказнасць. Бывала і так, што бег я ў кут, каб выплакацца там Гаруновымі слязьмі ад шчасця, што я – беларус, беларус, беларус!!! Ён чуйна прыкмячаў гэтае шаленства ў нас…”.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара