Былы дырэктар музея выдаў кнігу пра вуліцы Дзятлава
Фёдар Красюк з Дзятлава з 1985 па 2009 гады працаваў дырэктарам мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Цяпер ён на пенсіі, жыве ў Дзятлаве. Але ў вольны час займаецца краязнаўствам. Вынікам краязнаўчых пошукаў з’явілася яго кніга “Зецела або Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”, якая пабачыла свет у Гародні ў выдавецтве “ЮрСаПрінт”.
Зецела – гэта балцкая форма Дзятлава. Чаму балцкая? Справа ў тым, што вакол Дзятлава яшчэ ў старажытныя часы былі паселены балцкія плямёны прусаў і балтаў. Нягледзячы на ўплыў беларускага асяроддзя, беларускай і польскай моў, яны збераглі і праз вякі свой говар. Жыхары навакольных вёсак так і казалі “Пойдзем да Зецела”.
У папулярнай форме аўтар кнігі знаёміць чытачоў з гісторыяй старых дзятлаўскіх вуліц і пабудоў былога мястэчка, біяграфіямі яго ўладальнікаў. Да кнігі падабраны вельмі цікавы збор фотаздымкаў ад пачатку і да канца ХХ стагоддзя. Фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя рабілі нямецкія афіцэры ў гады Першай сусветнай вайны. У 1930-х гадах Дзятлава фатаграфаваў мясцовы фатограф Лейбовіч. У кнізе выкарыстаны і працы мастакоў Квяткоўскага і Лаўрукевіча. Аўтар падрабязна апісаў назвы старых вуліц, пабудовы, прозвішчы жыхароў, якія некалі жылі на гэтых вуліцах, змешчаны планы двароў і г.д.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава