Чаго бракуе айчыннаму турызму?
У Міністэрстве спорту і турызму не задаволеныя развіццём беларускага ўнутранага турызму. Каб лепей праманіторыць сітуацыю і зрабіць план на наступны сезон, калегія Міністэрства цягам снежня наведае галоўныя турыстычныя аб’екты.
“Айчыннаму турызму шмат чаго бракуе, але няма канкрэтнай дзяржаўнай лініі, разумення, што Беларусь можа быць прывабнай як аздараўляльна-забаўляльная зона,” – мяркуе кіраўнік пінскай кампаніі Турыстычна-візавае Агенцтва Вадзім Макееў:
– Мы мусім арыентавацца на таго турыста, які хоча тут адпачыць і аздаравіцца. Але на сённяшні дзень толькі на словах мы развіваем турызм. Дзеля таго, каб займацца ўязным турызмам павінна быць дзяржаўная праграма, якая будзе рэкламаваць пансіянаты, лячэбніцы, тое, што мы можам прапанаваць турысту. У нас няма ні гор, ні мора.
Пра тое, што ў Беларусі нерэальна развіццё актыўнага турызму, казалася адмыслоўцамі яшчэ перад пачаткам шэрагу дзяржаўных праграм па падтрымцы айчыннай турыстычнай сферы. Цяпер тэрмін праграм падыходзіць да завяршэння і вынікі несуцяшальныя.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tourismby.com