Чалавек і горад: урокі гісторыі
10 верасня ў Гародні адбудзецца прэзентацыя кнігі “Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада XV – XX стагоддзяў”. Выданне ўтрырмлівае матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў лістападзе мінулага года ў межах святкавання Дзён Святога Губерта. Навукоўцы аналізуюць розныя аспекты жыцця і дзейнасці гарадской супольнасці на працягу пяці стагоддзяў і, па словах гісторыка Эдварда Дмухоўскага, расплюшчваюць вочы сучаснаму грамадству на многія аспекты ўрбанізацыі:
– Для сучаснага гараджаніна, я лічу, важна ведаць гісторыю горада, што гэта такое. Дзеля таго, каб быць сапраўдным гараджанінам, несці традыцыі гэтага горада ў будучыню, перадаваць гэтыя традыцыі сваім дзецям і фармаваць вобраз дзякуючы гэтым ведам, якія могуць ствараць нешта новае. Гісторыя гэтаму вучыць. І ў гэтым ёсць найважнейшая каштоўнасць кнігі.
Прэзентацыю кнігі “Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада XV – XX стагоддзяў” ладзіць “Гарадзенская бібліятэка” супольна з Асамблеяй недзяржаўных арганізацый.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня