Чаму саветы разбурылі беластоцкую ратушу?



Паводле агульнапрынятай версіі, у 1940 годзе саветы разбурылі беластоцкую ратушу, каб паставіць на Рынку Касцюшкі, на той час Савецкай, вялізны помнік Іосіфу Сталіну. 

Зацемка з газеты „Савецкая Беларусь”, 7 верасня 1940 г.

„Да гадавіны вызвалення Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Непазнавальна змянілася аблічча гарадоў заходніх абласцей Савецкай Беларусі. Упарадкоўваюцца вуліцы, плошчы. На здымках: від на Савецкую плошчу горада Беластока раней (злева) і цяпер)”, – паведамляла пра разбурэнне ратушы ў Беластоку газета „Савецкая Беларусь”, якая выйшла 7 верасня 1940 г.

Аднак, помнік Сталіну ў Беластоку на той час ужо быў устаноўлены каля будынку гарадскога тэатра, дзе 28-30 кастрычніка 1939 года праходзіў так званы Народны сход Заходняй Беларусі. 

Савецкая плошча (Рынак Касцюшкі) ужо без ратушы. Фотаздымак з газеты „Звязда” 30 траўня 1941 г.

„На Совецкай плошчы ў Беластоку будзе збудаван помнік у чэсць вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй. На здымку: вучаніцы 8-й беластоцкай сярэдняй школы ля мрамарнай пліты, устаноўленай на месцы, дзе будзе пастаўлен помнік”, – пісала газета „Вольная праца”. 

 
„Вольная праца”, 6 кастрычніка 1940 г. | „Савецкая Беларусь”, 6 сакавіка 1941 г. 

Насамрэч савецкія ўлады вырашылі паставіць на цэнтральнай плошчы помнік у гонар уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, дзеля чаго нават разбурылі гарадскую ратушу. Быў аб’яўлены конкурс і апублікавана некалькі праектаў. Да прыкладу, адзін з праектаў пад назвай „Вызваленне Заходняй Беларусі” стварыў савецкі скульптар Мікалай Томскі, іншы праект помніка належыць скульптару Натану Рапапорту. Аднак, абеліск так і не паўстаў з-за вайны з Нямеччынай.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя