Чаму ў Гародні блытаюць два старажытныя будынкі?
У горадзе зараз на слыху два лямусы. І абодва папулярныя ў турыстаў, хоць і маюць розныя функцыі. А блытаніна ўзнікла нядаўна, калі пачалася актыўная рэканструкцыя Брыгіцкага кляштарнага комплексу. Менавіта на яго тэрыторыі знаходзіцца драўляны лямус — самы старажытны драўляны будынак у Беларусі. Нядаўна ён стаў даступны для турыстаў. Цікава, што гэтыя аб’екты — з розных гістарычных эпох і рознага прызначэння.
Лямус драўляны
Самы старажытны ў Беларусі драўляны будынак.
Гэта наогул унікальны аб’ект, адзіны такога кшталту ў Беларусі. Дакладна вядома, што ён пабудаваны без адзінага цвіка. І ўсё ж падчас рэканструкцыі іх было выцягнута каля 12 кілаграмаў. Такі адбітак пакінуў час, але не толькі цвікі. Тут жылі людзі, яны перабудоўвалі лямус на свой лад, было шмат перагародак, змяняліся памеры вокнаў, вырэзваліся дзверы, рабіліся печкі. Кажуць, што апошнія жыхары пакінулі будынак толькі ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя. Зараз яго даводзяць да аўтэнтычнага стану.
Заходзім на тэрыторыю кляштара з прадстаўніком інфармацыйна-турыстычнага цэнтра Гарадзенскай каталіцкай епархіі Гражынай Шалкевіч.
— Зараз гэта будаўнічая пляцоўка, але мясцовыя ўлады пайшлі нам насустрач і дазволілі пускаць турыстаў, якія імкнуцца дакрануцца да старажытнага дрэва. Адзінае абмежаванне — нельга ўваходзіць у памяшканне, — папярэджвае Гражына Шалкевіч. — А экскурсій зараз даволі шмат, бывае, што і для аднаго-двух чалавек правожу.
Інтарэс да гісторыі самага старажытнага драўлянага будынка Беларусі расце. Ім цікавяцца не толькі замежныя турысты, але і гродзенцы. Многія да гэтага часу не здагадваліся, які ўнікальны аб’ект схаваны за высокай каменнай агароджай Брыгіцкага касцёла. Праўда, епархіі ён быў перададзены толькі 15 гадоў таму, а да гэтага часу ў манастырскім комплексе месціўся псіха-неўралагічны дыспансер. Зразумела, што экскурсіі сюды ніхто не вадзіў. І толькі некалькі гадоў таму, пасля зваротаў гродзенскіх гісторыкаў, пачаўся этап рэнесанса. Да рэстаўрацыі лямуса далучылася Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, якое ўзяло на сябе фінансаванне ўзнаўленчых работ. Задзейнічаны спецыялісты з абодвух бакоў.
— Гэтыя сцены многае тояць — за некалькі стагоддзяў адбылося шмат падзей. Горад і гарэў не аднойчы, і вайна не адна праз яго прайшла, а драўляны будынак выстаяў. Каб яго захаваць, вядуцца вельмі грунтоўныя работы. Зараз пачаўся чарговы, чацвёрты этап рэстаўрацыі, — паведаміла прадстаўніца епархіі.
Яна расказала, што ўжо зроблена. Самы адказны этап быў, калі паднімалі будынак, каб выраўняць сцены. Пакуль ён вісеў, змянілі вянцы, якія прагнілі, і ўмацавалі фундамент. Потым паставілі будынак на месца. Трэба было зрабіць шмат падлікаў, каб ён не склаўся, як картачны домік. Але ўсё абышлося. Затым уручную ачысцілі сцены і насыцілі спецыяльным растворам ад шкоднікаў — іх сляды даволі відавочныя на дрэве.
З’явіўся новы дах з гонты — пласцінкі зроблены з асінавага дрэва, якое праз некалькі гадоў зменіць колер. «Будзе, як на старых фотаздымках», — удакладняе Гражына Шалкевіч.
Аб перыядзе пабудовы лямуса ідуць спрэчкі. Некаторыя называюць 1634 год, калі ў горад прыехалі першыя сёстры-брыгіткі. Але больш імаверным лічыцца 1769 год. Лямус — нямецкае слова, якое азначае гаспадарчую пабудову. Такой яна і была ў той час. Тут захоўвалі прадукты, гародніну, прылады працы. Але не толькі. На другім паверсе жыў капелан — духаўнік сёстраў. Дарэчы, узрост лямуса могуць падказаць бярвенні. Польскія спецыялісты ўзялі пробы і праводзяць спецыяльны аналіз, які дасць дакладны адказ, калі ён пабудаваны.
Калі лямус пройдзе рэстаўрацыю, тут размесціцца выставачная экспазіцыя, прысвечаная сёстрам-брыгіткам. Напачатку планавалася зрабіць епархіяльны музей і размясціць экспанаты з падвалаў касцёла. Аднак цяжка стварыць умовы для іх захавання, таму прынялі рашэнне адвесці пад мастацкую галерэю крыло кляштара, — патлумачыла прадстаўніца епархіі.
Калі завершыцца рэстаўрацыя, тут не бяруцца сказаць, бо сродкі паступаюць паэтапна. Да таго ж працэс даволі марудны і далікатны, бо аб’ект каштоўны ў гістарычным сэнсе, нездарма яму прысвоена катэгорыя 0. Гэта значыць, што будынак з’яўляецца аб’ектам культурнай спадчыны і можа быць унесены ў спісы ЮНЕСКА.
Лямус цагляны
Былы цагляны лямус змяніў аблічча.
І такі таксама ёсць у Гародні. Гэта былы склад у гарадскім старажытным комплексе «Гарадніца». Ён захаваўся з часоў віцэ-адміністратара горада, а прасцей, яго старасты, Антонія Тызенгаўза. Гэты комплекс таксама вельмі значны ў гісторыі архітэктуры Беларусі, бо пабудаваны ў новых для тых часоў традыцыях — тыпавыя фасады, канструктыўныя рашэнні і г. д. Ад усяго комплексу ў Гродне захавалася шэсць будынкаў, у тым ліку цагляны лямус, які на плане горада 1823 года пазначаны як «цагляная крама пры канюшні».
Гістарычны будынак у свой час займалі вайскоўцы. У 20—30-я гады мінулага стагоддзя дом значыўся як акцёрскі. Пасля вайны гэта была сталоўка дзіцячага дома, з пяцідзясятых — жылы дом. Многія гродзенцы памятаюць, у якім непрывабным выглядзе стаяў будынак яшчэ гадоў дваццаць таму. Але знайшоўся бізнесмен, які яго выкупіў і адрамантаваў. Зараз тут месціцца рэстаран, які так і называецца — «Стары Лямус», а сам будынак удала ўпісваецца ў гістарычны цэнтр. Дарэчы, у горадзе яшчэ нямала занядбаных гістарычных будынкаў, і любая ініцыятыва ў гэтым кірунку для ўлад вельмі пажаданая.