Чаму ў Віцебску мала шануюць памяць мясцовых літаратараў?
У абласным цэнтры ёсць некалькі вуліц, названых у гонар класікаў беларускай літаратуры – напрыклад, вуліцы імя Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча. Апошняму ў Віцебску нават пастаўлены помнік. Ёсць у горадзе і мемарыяльная дошка ў памяць пра Васіля Быкава, хаця грамадскасць гораду даўно настойвае на тым, каб у гонар гэтага пісьменніка назвалі вуліцу і абласную бібліятэку.
На жаль, па-за ўвагай віцяблян застаюцца імёны мясцовых літаратараў, якія не ўвайшлі ў кагорту самых вядомых майстроў слова, хоць і зрабілі шмат для культурніцкага жыцця горада. Як выправіць гэтую сітуацыю, каб вярнуць у сучаснасць імёны Яўгеніі Мальчэўскай, Анатоля Канапелькі ды іншых віцебскіх творцаў? Пра гэта разважае паэтка Людміла Сіманёнак:
– Самае галоўнае – гэта перадаць веданне хаця б самых значных іхных твораў малодшаму пакаленню. Але гэта магчыма толькі ў школе пры наяўнасці настаўнікаў-энтузіястаў. Можна праводзіць чытанні, конкурсы чытальнікаў, навукова-практычныя канферэнцыі. Самыя розныя могуць быць фарматы – ды хоць конкурс ілюстрацый! Ну, і без пэўнай падтрымкі – не скажу нават “ўладаў” – проста людзей, якія адказваюць у горадзе за культуру, сапраўднага маштабу такая дзейнасць дасягнуць і не можа.
На жаль, мясцовыя аддзелы культуры не праяўляюць вялікага клопату пра ўшанаванне памяці віцебскіх літаратараў. Адзінае выключэнне – гэта мемарыяльная дошка ў гонар паэта Давіда Сімановіча ды рэдкія імпрэзы, дзе гучаць ягоныя вершы.
Але і гэта – у вялікай ступені заслуга грамадскасці, а не ўладаў: прыхільнікі таленту паэта збіралі грашовыя ахвяраванні, і яны ж клапоцяцца пра тое, каб гэтае імя не забывалася.
Ганна Ліпка для Беларускага Радыё Рацыя