Чаму Гарадзеншчына не вабіць замежных турыстаў?
Пачатак турыстычнага сезона на Гарадзеншчыне не прынёс чаканага павелічэння колькасці замежных наведвальнікаў горада над Нёманам і яго ваколіц. Тураператары канстатуюць заняпад уязнога турызма і яго істотнае змяншэнне ў параўнанні з мінулым годам.
Як адзначае дырэктар адной з гарадзенскіх турыстычных агенцый Таццяна Піскун, паменела як колькасць турыстаў з Расеі, так і з краін Захаду, перадусім – Польшчы.
– Мы гатовыя прымаць турыстаў, але на дадзены момант іх мала. Не можам мы пахваліцца вялікім наплывам турыстаў з-за мяжы.
– Калі казаць пра паток турыстаў з Польшчы ў Гародню, то іх колькасць спала. Няма таго, што было яшчэ нядаўна, – вялікія аўтакары, бацькі з дзецьмі.
– Шмат чаго не хапае з інфраструктуры ў цэнтры Гародні. Дзе абяцаныя помнікі Каліноўскаму і Багдановічу? Дзе малыя архітэктурныя формы? Пра ўтульныя месцы Гародні, якіх з кожным годам становіцца усё меней і меней, я ўвогуле маўчу. Няўтульная Савецкая плошча. Абсалютна губляюцца ўтульныя дворыкі – іх проста зносяць, застаюцца толькі фасадныя будынкі. Не робіцца ніякай інфраструктуры для таго, каб вызваліць горад ад транспарта.
У мэтах прыцягнення польскіх турыстаў гарадзенскія ўлады прымаюць захады дзеля папулярызацыі транспамежнага воднага маршрута Аўгустоў – Гародня, працягласць якога складае каля ста кіламетраў і праходзіць па Аўгустоўскім канале. Аднак, бюракратычныя перашкоды і візавая палітыка беларускіх уладаў не спрыяюць наплыву вялікай колькасці аматараў водных падарожжаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота С. Плыткевіч belarus.tio.by