Дык хто зрабіў пісьменнікаў жабракамі?



У газеце “Звязда” у пятніцу,11 снежня, апублікавана інтэрв’ю з генералам Мікалаем Чаргінцом з нагоды 15-годдзя праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мікалай Чаргінец усе гэтыя гады ўзначальвае праўладны Саюз. У інтэрв’ю Чаргінец сказаў, што сёння “пісьменнікі выдаюць свае творы за смешныя ганарары, пражыць за якія проста немагчыма. Таму вымушаны зарабляць сабе на хлеб іншай прафесіяй, знаходзячы вольны для творчасці час у прамежках з асноўнай работай. Кнігі з-за мяжы, у прыватнасці расейскія, каштуюць нярэдка значна танней за беларускія. Прапанова Саюза пісьменнікаў перагледзяць падатковую сістэму на карысць айчынных выданняў, застаецца непачутая. А гэта непасрэдна звязана з цяжкасцямі продажу кніг, адпаведна са складаным фінансавым становішчам выдавецтваў. І з такой няпростай для пісьменніка праблемай: дзе выдацца?..”.

Тут з Чаргінцом можна пагадзіцца. Але генерал Чаргінец не нагадаў яшчэ, што Аляксандр Лукашэнка забраў некалі Дом літаратараў Саюза беларускіх пісьменнікаў, стварыў свой Саюз пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Чаргінца. І за гэты час Лукашэнка і Чаргінец пачалі знішчаць разам нашу літаратуру і мову, аўтарытэт пісьменнікаў. Ліквідавана ўнікальная бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў, закрыліся сотні бібліятэк на Беларусі і кніжных крамаў у райцэнтрах. Тыраж дзяржаўных літаратурных выданняў зменшыўся ў дзясяткі разоў. Усе разам літаратурныя выданні сёння выдаюцца меншым накладам, чым любая раённая газета Беларусі. Амаль не выплачваюцца ганарары аўтарам за публікацыі: раз у тры месяцы, але і гэта капейкі. Няма выплаты ганарараў за кнігі, якія выдаюцца ў дзяржаўных выдавецтвах, толькі асобным аўтарам. Астатнія чакаюць гадамі. Каб выдаць уласную кнігу, беларускі пісьменнік збірае грошы сам, а потым думае, як яе рэалізаваць… Адным словам, улада за апошнія дзесяцігоддзі зрабіла беларускіх пісьменнікаў жабракамі.  

Тэрэза Юльян, Беларускае Радыё Рацыя