Чарговая археалагічная сенсацыя ў Полацку!



Вось ужо не першы год археалагічныя раскопкі, якія ладзяцца ў старажытным Полацку пры самым непасрэдным удзеле выкладчыкаў і студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, становяцца значнай навуковай падзеяй агульнабеларускага маштабу.

Раскопкі 2015 года дазволілі карэнным чынам перагледзець уяўленні вучоных пра знешні выгляд Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Мінулы год таксама прынёс унікальныя знаходкі: віслую пячатку Ефрасінні Полацкай і кавалак старажытнай плінфы з выявай плана ўжо неіснуючага храма, што некалі стаяў на тэрыторыі манастыра.

А сёлета археолагі, якія даследуюць Спаса-Праабражэнскую царкву і прылеглую да яе тэрыторыю, адшукалі падземны храм-пахавальню, аналагаў якому на ўсходнеславянскай прасторы няма.

Яўген Торшын, загадчык сектара архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расея): «Спецыялісты Дзяржаўнага Эрмітажа прымаюць удзел у архітэктурна-археалагічных даследаваннях галерэй Спаса-Праабражэнскага храма. Гэтыя галерэі адносяцца да XII стагоддзя. Яны былі пабудаваныя адначасова з тым аб’ёмам гэтага будынка, якое захавалася да нашых дзён.

У гэтым годзе мы сутыкнуліся з цалкам унікальным аб’ектам. Гэта падземны храм, невялікага памеру. Ён з’яўляецца ніжнім ярусам пабудовы, якая была ўзведзена непасрэдна каля сцен Спаскага сабора. Пабудаваная яна была адначасова з галерэяй з той ж цэглы (плінфы), што і сцены самога храма і сцены галерэі, прыбудаванай да цэнтральнага аб’ёму будынка.

Такім чынам, падземны храм быў пабудаваны як пахавальня адной асобы, можа быць, двух, калі іх пакласці ў гэтую нішу разам. Сама ніша невялікая усяго каля 1 метра 40 сантыментаў даўжынёй і глыбінёй 50 сантыметраў. Хутчэй за ўсё, будавалася яна не для таго, каб пакласці цела, а для таго, каб прынесці туды з месца першапачатковага пахавання нейкія мошчы.

Нашыя раскопкі палягалі ў тым, што мы расчышчалі гэтае падзямелле ад будаўнічага смецця. У ім быў выяўлены шэраг важных знаходак. Самай цікавай з іх можна назваць фрагменты каменнага абразка, на якіх захавалася надпіс намаляванага там Святога Георгія. Такім чынам, мы маем нейкае збудаванне, прызначанае для пахавання адной асобы каля храма. Мабыць гэты чалавек быў вельмі важны для заснавальніцы манастыра прападобнай Еўфрасінні. Можна таксама меркаваць, што гэты абразок знаходзіўся дзесьці на прэстоле гэтага храма. Падмурак гэтага прэстолу, пабудаванага з цэглы, мы таксама знайшлі. Магчыма, што гэты прэстол быў прысвечаны Святому Георгію. Калі гэта так, то, верагодна, і пахаваны таксама быў названы гэтым імем. Тады, прымаючы пад увагу значэнне гэтага чалавека, хутчэй за ўсё, мы знайшлі месца пахавання полацкага князя – Георгія Усяславіча, бацькі Ефрасінні Полацкай.

У 1129 годзе Полацкі князь Георгій быў высланы кіеўскім князем Мсціславам з Полацку. Кіяўляне захапілі горад і ўсіх полацкіх князёў адправілі ў ссылку ў Візантыю. Верагодней за ўсё, яны былі адпраўленыя ў сталіцу – у Канстантынопаль. З гэтага выгнання Георгій ўжо не вярнуўся, ён памёр там. Таму сюды ўжо былі прынесеныя яго мошчы і пахаваныя каля храма. І, магчыма, гэта таксама невыпадкова. Ён быў пахаваны тут не толькі таму, што настаяцельніцай манастыра была яго дачка, але і таму, што мог удзельнічаць у будаўніцтве гэтага манастыра і рабіць туды нейкія ўнёскі. Георгій быў свайго роду кцітарам гэтага храма і гэтага манастыра, таму яму тут было прызначана такое ганаровае месца.

Мы, вядома, не ведаем, ці знойдзем яго парэшткі, так як гэтая ніша цяпер закладзена каменным мурам. Зроблена гэта было значна пазней, чым пабудавана само пахавальнае збудаванне. І, можа быць, гэта было зроблена ў той момант, калі гэтая пабудова апынулася разбуранай, і было прынята рашэнне, напрыклад, аб перанясенні гэтых мошчаў. Не магу сказаць, што нас чакае тады расчараванне. Мы, па меншай меры, застанемся пры думцы, што гэта пахаванне Георгія Усяславіча. Але, вядома ж, нам хацелася б знайсці яго самога. Час пакажа!”

Аляксей Коц, магістр гістарычных навук, археолаг, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму: «На сённяшні дзень мы можам казаць, што кафедра гісторыі і турызму ПДУ арганізавала цэлы археалагічны сезон: стартаваў ён у пачатку лета і заканчваецца ўжо позняй восенню. Пачалі працу мы ў сярэдзіне чэрвеня. У жніўні, калі ў студэнтаў былі канікулы, зрабілі перапынак. Увесь верасень і пачатак кастрычніка працягваем раскопкі.

Працуюць у нас хлопцы і дзяўчаты з розных курсаў. Калі казаць пра студэнтаў-гісторыкаў, то гэта другі, трэці і чацверты курсы, а таксама нашы выпускнікі і магістранты. Варта таксама адзначыць і тое, што летам у раскопках удзельнічалі студэнты-архітэктары. Шэраг даследаванняў праводзіцца пад кіраўніцтва кандыдата гістарычных навук, дацэнта, дэкана факультэта па працы з замежнымі студэнтамі Ігара Уладзіміравіча Магалінскага і непасрэдна пад маім наглядам.

Нам пашчасціла з месцам раскопак! Спаса-Праабражэнская царква – гэта, безумоўна, адзін з цэнтральных архітэктурных помнікаў Полацка, архітэктурная жамчужына Беларусі. Вакол царквы вядуцца вельмі скрупулёзныя і грунтоўныя даследаванні. Мы ведаем, што часткі храма, якія мы ўскрываем, былі багата распісаныя фрэскамі. Каб знайсці іх рэшткі, спецыяльным чынам арганізавана пераборка глебы. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная дошка, каб выявіць усе фрагменты фрэскавага жывапісу. За мінулы год мы знайшлі больш за дзесяць тысяч фрагментаў фрэсак. Сёлета гэтая лічба будзе значна большай. Сярод значных знаходак гэтага кшталту трэба вылучыць тры фрагменты выяў твараў і адзін фрагмент з надпісам.

Адшукалі шмат цікавых архітэктурных і будаўнічых элементаў. Так, быў знойдзены кавалак свінцовага ліста, якім пакрываўся дах храма ў XII стагоддзі. Падобных знаходак на тэрыторыі Беларусі пакуль што мы не ведаем. Таксама трэба вылучыць фрагменты іконкі Святога Георгія. Яна выканана на кераміцы. Аналагаў на Беларусі мы не сустракалі. Упершыню ў Полацку былі знойдзены кавалкі тынкоўкі з графіці ў выглядзе крыжыкаў. Гэты пералік можна доўга працягваць.

Але ўсе гэтыя знаходкі адыходзяць на другі план на фоне адкрыцця, пра якое казаў Яўген Мікалаевіч. Гэта, без перабольшванняў, унікальная з’ява! У адрозненне ад вялікіх князёў літоўскіх і князёў кіеўскіх, пра месцы пахавання полацкіх уладароў мы не ведалі нічога. Сёлета праца паступова ўжо згортваецца. Але мы чакаем, што пры адкрыцці пахавальнага аркасолія ў падземным храме мы ўсё ж зможам знайсці парэшткі аднаго з полацкіх князёў – князя Святаслава-Георгія – бацькі Ефрасінні Полацкай. Калі гэта здарыцца, то гэта будзе «бомба» у свеце гісторыі і археалогіі!»

psu.by