Чарнігаў рыхтуецца ўдарыць у „Літаўры”
22 верасня ў Чарнігаве стартуе літаратурны фэст “Літаўры”. Сёлета гэты фэст праводзіцца ўпершыню. Паводле арганізатараў, галоўная тэма фэсту – інтэграцыя літаратуры ў сучасную арт-прастору. На чарнігаўскі фестываль запрошаныя пісьменнікі, паэты і драматургі з дваццаці краін, у тым ліку і з Беларусі.
Пра беларускую паэзію, а таксама пра шляхі яе папулярызацыі разважае Алена Сцепаненка, кіеўская паэтка і перакладчыца з беларускай.
– На маю думку, у беларускай літаратуры адбываюцца складаныя працэсы развітання з той эстэтыкай, якая была асноўнай за часамі Савецкага Саюза. Назіраецца вялікая зацікаўленасць еўрапейскай паэзіяй. Зараз адбываюцца шматлікія дыскусіі адносна таго, што паэзіі час ужо пераходзіць на іншы ўзровень – на ўзровень вуснага маўлення, таму што гэта значна пашырае аўдыторыю. Бо колькі людзей набудуць кніжку? Хто дойдзе да кнігарні, хто не. А калі паэзія гучыць на нейкіх фестывалях, стадыёнах, то там яе чуюць сотні, тысячы людзей, і ў такі спосаб робіцца прамоцыя паэтычнага слова.
Чарнігаўскі літаратурны фэст “Літаўры” працягнецца да 24 верасня. Беларускую літаратуру на ім будуць прадстаўляць паэт Сяргей Прылуцкі, а таксама празаік і драматург Уладзіслаў Ахроменка.
Беларускае Радыё Рацыя