Часопіс „ARCHE” па падпісцы і ў кнігарнях



Некалькі разоў канцэпцыя часопіса „ARCHE” за гады яго існавання змянялася: ад літаратурнай і публіцыстычнай канцэпцыі, праз паліталагічную да гістарычнай – кажа шэр-рэдактар выдання Аляксандр Пашкевіч.

Паводле яго, цяпер менавіта гістарычная тэматыка вельмі запатрабаваная.  Акрамя таго, такія тэмы не перастаюць быць актуальнымі, у адрозненні ад так званых “злабадзённых”. Хоць першы сёлетні нумар часопіса і выпаў з гэтай канцэпцыі, паколькі ў ім друкуецца вядомы раман Дэна Браўна “Код да Вінчы” ў перакладзе на беларускую мову.

“Цяпер мы выходзім дастаткова рэгулярна і забяспечваем выхад дзесяці нумароў на год”, – кажа Аляксандр Пашкевіч. Набываць часопіс можна некалькімі шляхамі:

– Па-першае, ёсць падпіска ў любым аддзяленні “Белпошты” па даволі нізкім кошце. І гэта больш выгадна, чым набываць нумары ў раздроб. Ёсць некалькі кнігарняў, дзе можна купіць часопіс, гэта “Акадэмкніга” ў Менску, кнігарня “Ў”, Кніжны салон. І таксама можна замовіць праз інтэрнэт, мы пастаянна даем рэкламу на нашым сайце, на сайтах іншых рэсурсаў. Акрамя таго, практыкуецца такая форма ўзаемадзеяння з чытачамі, як прэзентацыі. Адзіная ўмова – каб на месцах была арганізаваная суполка і мясцовыя арганізатары.

Прыгадаем, што часопіс „ARCHE” выдаецца з верасня 1998 году. Ад чэрвеня 2012 году быў перапынак у выхадзе, паколькі галоўнага рэдактара Валерыя Булгакава затрымалі ў Гародні ў час прэзентацыі, яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Пазней стала вядома, што ніякай справы супраць часопіса не распачалі. У траўні 2013 году „ARCHE” ўдалося перарэгістравацца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя