Часопіс Arche падрыхтаваў нумар, прысвечаны ХVIII стагоддзю



“18 стагоддзе па-ранейшаму застаецца не вельмі асветленым у беларускай гістарычнай літаратуры,” – кажа рэдактар часопіса Arche Валеры Булгакаў. З тае нагоды падрыхтаваны адмысловы нумар часопіса, цалкам прысвечаны гэтаму гістарычнаму перыяду.

– Неўзабаве выйдзе вялікі гістарычны нумар, прысвечаны ХVIII стагоддзю ў беларускай гісторыі. Гэтая гісторыя, здаецца, не такая ўжо і недалёкая, бо гэта не часы старажытнага Полацкага княства. Не такая вялікая часавая дыстанцыя нас абмяжоўвае, але ў нашай беларускай гістарыяграфіі слаба асветленая, і таму будзем старацца запаўняць гэтую лакуну.

Парадуе часопіс Arche і аматараў гісторыі Полаччыны. Рыхтуецца да друку кніга беларуска-польскага даследчыка Рышарда Мяніцкага. Гэты гісторык нарадзіў на Лепельшчыне. Працаваў у Віленскім універсітэце і дырэктарам дзяржаўнага архіву ў Вільні. Сабраў матэрыялы па гісторыі Полацкай губерні. Пасля Другой сусветнай вайны жыў у Гданьску і Торуні.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя