Часопіс “Барацьба” Беларускага вызвольнага фронту



Беларуская эміграцыйная палітычна-вайсковая арганізацыя “Беларускі вызвольны фронт” (БВФ) была заснавана 27 кастрычніка 1954 года прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады Радаславам Астроўскім (1887-1976). Галоўнай мэтай вызвольнага фронту было вызваленне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. Беларускі вызвольны фронт прызнаваў акт 25 Сакавіка 1918 года і пастановы Першага і Другога Ўсебеларускіх кангрэсаў, але стаяў на платформе Беларускай цэнтральнай рады.

Галоўны штаб Беларускага вызвольнага фронту знаходзіўся ў Заходняй Германіі ў Штутгарце. Яго ўзначальваў Дзімітрый Касмовіч (1909-1991).

Асноўная частка ўсёй працы ляжала якраз на Дзмітрыю Касмовічу, начальніку галоўнага штабу. Ён не толькі ўдзельнічаў у міжнародных антыкамуністычных форумах, дзе выступаў з дакладамі пра Беларусь і беларускі вызвольны рух, але і выдаў адозвы, улёткі, дэкларацыі да беларускай грамадскасці і часопіс “Барацьба”. Касмовіч спрабаваў разварушыць ужо апанаваную апатыяй, абыякавасцю і старасцю беларускую эміграцыю. Акрамя таго, трэба было дэманстраваць і бальшавікам, што беларускі вызвольны рух не памёр, ён жыве, перахоўвае традыцыі, шукае і знаходзіць міжнародную падтрымку. Былі арганізаваны аддзелу фронту ў Германіі, Англіі, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 года Дзмітрый Касмовіч пачаў выдаваць часопіс “Барацьба”, наклад якога ў 1950-я гады дасягаў тысячу асобнікаў.

У часопісе друкаваліся розныя адозвы, дэкларацыі, выступленні, справаздачы з антыкамуністычных канферэнцый, рэзалюцыі беларускіх аб’яднанняў з усіх краін свету, справаздачы са святкаванняў і з дзейнасці БВФ у свеце. Публікавала “Барацьба” вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ларысы Геніюш, Міхася Кавыля, Пятра Сыча, Яўгеніі Янішчыц, Станіслава Кацубы і іншых. Шмат месца адводзілася біяграфіям вялікіх сыноў Беларусі і грамадскім дзеячам на эміграцыі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя