Часопіс сатыры і гумару “Вожык” спыняе свой выхад
Дзяржаўны часопіс сатыры і гумару “Вожык” з наступнага 2022 года выдавацца не будзе. Пра гэта паведамілі Радыё Рацыі ў рэдакцыі часопіса. Выйдзе апошні нумар “Вожыка” ў снежні і ўсё. Часопіс нават не ўнесены ў падпісны каталог на наступны год.

Сёлета часопіс “Вожык” адзначыў 80-годдзе. Ён з’яўляўся прыемнікам знакамітага баявога выдання “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Першыя 13 нумароў газеты-плаката з’явіліся напачатку ліпеня 1941 года ў Гомелі, бо Менск ужо быў акупаваны гітлераўцамі. Са жніўня 1945 года часопіс “Вожык” выдаваўся па-беларуску ў Менску. Ён перажыў вайну, рэпрэсіі, камуністычнае і савецкае жыццё. А вось цяпер, пасля 80 год існавання, перажыць сённяшнюю дзяржаўную палітыку і рэпрэсіі, ён не змог.
Часопіс “Вожык” – гэта наша гісторыя літаратуры і мастацтва. У ім друкаваліся амаль усе пісьменнікі, пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пры “Вожыку” выдаваліся бібліятэчка, калектыўныя зборнікі сатыры і гумару, пераклады. З ім супрацоўнічалі мастакі Анатоль Волкаў, Сяргей Раманаў, Мікалай Гурло, Валянцін Ціхановіч, Рыгор Грамыка і дзесяткі іншых славутых беларускіх мастакоў.

Беларускае Радыё Рацыя
