Часопіс “Верасень” № 24 парадуе чытачоў
Выйшаў з друку літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень” № 24, які рэдагуе пісьменнік Эдуард Акулін.
Часопіс вельмі багаты на паэзію, прозу, пераклады, крытыку і дэбюты. Ён парадуе ўсіх, хто любіць роднае мастацкае слова.
Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Касі Іофе, Ганны Рудак, Кацярыны Ваданосавай, Ірыны Грумандзь, Людмілы Сіманёнак, Яўгена Скібскага, Васіля Дэбіша і Станіслава Судніка.
Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Алесі Чарнавокай, Сяргея Блінкоўскага, Юрыя Несцярэнкі, Лявона Валасюка, Паўла Ляхновіча і Вячаслава Лапціка.
У раздзеле “Пераклады” змешчаны вершы ўкраінскай паэткі Оляны Руты ў перакладзе Сяргея Панізьніка.
Раздзел „Крытыка” адкрываецца артыкулам Сяргея Панізьніка, прысвечаным юбілею “беларускага салаўя” – Міхася Забэйды-Суміцкага. Пра тое, што важней – працэс або вынік, што мацней – Вера або Каханне і пра шмат чаго іншага – у гутарцы Эдуарда Акуліна з сёлетнім Лаўрэатам літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча Артурам Камароўскім.
“Сваім ходам па Беларусі” праехалася і падзялілася ўражаннямі ад вандроўкі з чытачамі “Верасня” Кацярына Шчасная. Старажытны абрад “Страла” паўстае ў запісах Генадзя Лапаціна. Жыццёвыя і творчыя лёсы Міхася Васілька, Аляксандры Бергман і Паўла Крынчыка ўзнаўляюцца ў артыкуле Сяргея Чыгрына “Асобы Заходняй Беларусі”. З чарговым літаратурным аглядам кніжных навінак выступае Алесь Аркуш. Дэбютную кнігу Артура Камароўскага “Вада пачынае жыць” разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык.
Вельмі прыгожа і арыгінальна аздобіла вокладку нумара Валерыя Праслава, а ілюстравала “Верасень” Юлія Давыдава.
Свежы нумар “Верасеня”можна набыць у Менску на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). А таксама прачытаць на сайце: Kamunikat.org.
Беларускае Радыё Рацыя