Часопіс «Верасень» працягвае вандроўкі па Беларусі



Літаратурны часопіс «Верасень» працягвае свае прэзентацыйныя вандроўкі па Беларусі. Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк за тыдзень правялі цэлы шэраг сустрэч у райцэнтрах Лагойску, Барысаве і Іўі.

«Трэба любіць беларускую літаратуру, бо яна не толькі твая родная, але і ўзбагаціла сусветную літаратуру», – кажа Леанід Дранько-Майсюк.

– Калі ў мяне пытаюцца, што такое сучасная беларуская літаратура, я адразу называю: Кузьма Чорны – аўтр рамана “Сястра”,  Уладзімір Дубоўка са сваёй дзівоснай паэзіяй, той жа Лукаш Калюга. Яны – нашы сучаснікі, таму што яны ўзбагацілі не толькі беларускую літаратуру, але ўвогуле – еўрапейскую літаратуру адметным стылем. Такога стылю не было да іхнага з’яўлення. І таму яны вечныя сучаснікі.

У Лагойску творчыя сустрэчы прайшлі ў Лагойскай СШ № 1 і Лагойскай гімназіі. У Барысаве паэтаў віталі ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы і Барысаўскай гарадской бібліятэцы № 1. А ў Іўі сустрэчы адбыліся ў Іўеўскай сярэдняй школе і Іўеўскай гімназіі. Сустрэчы прысвячаліся выхаду юбілейнага, 20-га, нумару часопіса «Верасень».

Фота з Фэйсбука Эдуарда Акуліна.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя