Часопіс “Вясёлка” выдаецца 65 гадоў
Днямі беларускаму часопісу для дзяцей “Вясёлка” спаўняецца 65 гадоў.
Столькі гадоў часопіс штомесячна прыходзіць да чытачоў. А тады, у 1957 годзе, адзін з пачынальнікаў “Вясёлкі” Сяргей Грахоўскі пісаў:
Не старайся больш дарма –
іншых колераў няма.
Распраўляе крылцы пчолка,
зелянее збажына.
Загарэлася вясёлка –
будзе добрая вясна.
А з’явілася на свет “Вясёлка”, дзякуючы пісьменніку Васілю Вітку – класіку беларускай дзіцячай літаратуры, першаму адказнаму рэдактару часопіса. Свае творы ўжо ў першыя нумары прапанавалі Васіль Хомчанка, Усевалад Краўчанка, Алесь Якімовіч, Андрэй Александровіч, Эдзі Агняцвет, Ядвіга Бяганская, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Няхай, Мікола Гамолка, Пятрусь Макаль, Алесь Бачыла, Пятро Рунец, Авяр’ян Дзеружынскі, Іван Грамовіч, Міхась Калачынскі… На жаль, нікога ўжо няма на гэтым свеце, усе ў вечнасці, у школьных падручніках. Якія творцы, якія майстры слова былі!..
“Вясёлка” – у той час адзінае ў Беларусі выданне для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, якое адразу ж стала жаданым і любімым маленькімі чытачамі.
А для тых, хто працаваў у ім, гэта была праца сэрца. Васіль Вітка аддаў “Вясёлцы” 17 гадоў жыцця. Яго змянілі галоўныя рэдактары – Еўдакія Лось і Анатоль Грачанікаў, а з 1978 года рэдактарам быў Уладзімір Ліпскі. Цяпер часопіс рэдагуе Вольга Дзяруга, заснавальнікамі яго з’яўляецца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
Шмат гадоў “Вясёлка” прабіваецца да дзяцей сваёй першай жывой крынічкай з настойлівай просьбай: любіце Беларусь! Гэтай любові прысвечаны лепшыя творы сучасных паэтаў і празаікаў, конкурсныя працы юных чытачоў. Бо як жа любіць сваю Радзіму, не ведаючы роднай мовы, спадчыны, гісторыі, культуры, традыцый, свят, сваёй сям’і, сваёй краіны? Вясёлкаўцы цярпліва, з году ў год, пракладваюць першую сцяжынку да сэрцаў сваіх чытачоў. Простым, дасціпным словам верша, казкі, апавядання, жарта, лічылкі, загадкі аўтары падказваюць дзецям, што беларуская мова прыгожая, напеўная, багатая. Ну, ніколечкі не горшая за англійскую, нямецкую, французскую.
Калектыў часопіса і аўтары хочуць бачыць нашу мілую Беларусь квітнеючай і багатай, а “Вясёлку” – заўжды святочнай. З юбілеем, “Вясёлка”!
Беларускае Радыё Рацыя