Частка рэдакцыі анлайн-часопіса KYKY часова пакінула краіну



Пасля затрымання сузаснавальніка анлайн-часопіса KYKY Аляксандра Васілевіча дырэктар, галоўны рэдактар і частка рэдакцыі часова выехалі з краіны. „Мы зрабілі гэта, каб захаваць выданне і каманду фізічна і маральна. Інакш мы не змаглі б далей працаваць з такой інтэнсіўнасцю”, — паведамілі журналісты ў сваім тэлеграм-канале.

„Мы ўпэўненыя, што вернемся. Жыць у эміграцыі наогул не ўваходзіць у нашы планы. Мы любім хадзіць з вамі на адны і тыя ж мірныя акцыі. Мы адчуваем гонар, калі пішам пра вашы нерэальна смешныя плакаты, пра вашу бясстрашнасць перад сілавікамі, пра тое, як вас шмат і як вы здзейснілі фенаменальную змену грамадзянскай свядомасці ў краіне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дырэктар рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta і сузаснавальнік KYKY Аляксандр Васілевіч быў затрыманы 27 жніўня. У той дзень у офісе агенцтва супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю правялі вобшук.

У офіс дыджытал-агенцтва Red Graphic, якім валодае жонка Васілевіча Надзея Зелянкова, таксама прыехалі для вобшуку супрацоўнікі ДФР. Адначасова двое супрацоўнікаў у цывільным прыйшлі да маці Зелянковай „для гутаркі”. Вобшук быў таксама праведзены дома ў дырэктара часопіса Сашы Раманавай.

belapan.by