Чацвёрты літаратурны форум у арт-вёсцы Каптаруны



27—28 ліпеня 2019 года ў Арт-вёсцы Каптаруны адбудзецца IV Міжнародны open-air форум Міжмор’е літаратур, тэма якога — Візіі будучага. Востраў, які ёсць. Сярод гасцей — Аляксандр Іваноў, заснавальнік і кіраўнік Маскоўскага выдавецтва Ad Marginem Press, вядомага сваімі кніжнымі серыямі аб культуры і мастацтве ў супрацоўніцтве з Музеем сучаснага мастацтва «Гараж». Падчас форуму адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Каптарунскага тэатра перформансам Артура Клінава «Горад Сонца».

Паўстагоддзя таму Герберт Маркузэ напісаў пра тое, што грамадства жыве ў гістарычным моманце. «Мы здольныя ператварыць свет у пекла, і мы ўжо на шляху да гэтага. Мы таксама здольныя ператварыць яго і ў супрацьлегласць пекла», — заключаў філосаф. Тым не менш ён меркаваў, што чалавецтва, як ніколі раней, жыве ў момант «канца ўтопіі» — калі ёсць усе перадумовы для таго, каб немагчымае стала магчымым.

Адказаць дакладна, у што чалавецтва ператварыла свет — у пекла ці рай, — складана, а магчыма, у такім адназначным адказе і няма неабходнасці. Дыскусіі вакол стварэння альтэрнатыўных мадэляў грамадства працягваюць.

Два дні госці з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расеі, Германіі і Швейцарыі будуць абмяркоўваць тое, якім чынам сёння можна абмяркоўваць будучыню? Якую ролю ў гэтым абмеркаванні грае сучасная літаратура і пераклад? Ці засталося там месца ўтопіі? І калі так, то якой яна ўзнікае ва ўяўленні аўтараў і аўтарак?

У праграме форуму — абмеркаванні, дыскусіі, чытанні, музычныя выступы. А таксама ўрачыстае адкрыццё Каптарунскага тэатра перформансам Артура Клінава «Горад Сонца».

Госці форуму: Мэхдзі Марадпур (Берлін), Ёнр Ліндског (Германія/Швецыя), Ёнас Люшэр (Швейцарыя/Германія), Марта Сакалоўска, Маліна Пшэслюга, Пшэмыслаў Пілярскі, Міхал Шыманяк (Польшча), Антанас Ёнінас (Літва), Аляксандр Іваноў (Расія), Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Ірына Дубянецкая, Уладзімір Мацкевіч, Ігар Логвінаў, Таццяна Шчытцова, Марыя Мартысевіч, Сяргей Календа, Андрэй Хадановіч, Марына Шода, Андрэй Аляксандраў, Дар’я Амяльковіч, Павал Свярдлоў, Антаніна Слабодчыкава, Таццяна Дзівакова (Беларусь).

Куратарская група: Таня Арцімовіч, Ірына Герасімовіч, Артур Клінаў.

Праграма форуму па спасылцы: http://kaptaruny.com/iv-mizhnarodny-open-air-forum-mizhmor-e-litaratur/. Падзея на Facebook https://www.facebook.com/events/359655308070376/.

Будзем радыя бачыць вас сярод гледачоў! Уваход вольны. Даезд самастойны, побач будзе разбіты лагер для намётаў. За асобную аплату можна будзе замовіць гарачае харчаванне. Папэрэдняя рэгістрацыя (у першую чаргу, для вашага камфорту) па спасылцы: https://forms.gle/JVNP9ZeTHiiZ6P9T6.

Увага! Для замежных грамадзян патрэбная адмысловая рэгістрацыя. Пішыце на скрыню: [email protected].

Арганізатары форуму: аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны», Літаратурны дом «Логвінаў». Пры падтрымцы ТАЛЕДА — праграмы Фонду Роберта Боша і Нямецкага перакладчыцкага фонду, Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве, Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.