Чатыры новыя кнігі Алеся Бельскага



У выдавецтве Зміцера Коласа ў Менску выйшлі з друку адразу чатыры новыя кнігі сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, доктара філалагічны навук прафесара Алеся Бельскага. 

У кнізе “Сам-насам з літаратурай” аўтар разглядае духоўны космас паэзіі, мастацкія феномены і традыцыі, самабытную творчасць класікаў і сучасных майстроў слова. У прыватнасці, вялікую зацікаўленасць у чытачоў выклічуць такія тэмы, як Эліза Ажэшка і паэтызацыя Нёмана ў беларускай лірыцы, асоба Францыска Скарыны ў паэтычным успрыманні Алега Лойкі, творчасць Ніла Гілевіча для дзяцей і іншыя. Аўтар цікава і грунтоўна распавядае пра жыццё і творчасць Алега Лойкі, Міхася Шавыркіна, Любові Тарасюк, Генадзя Праневіча, Ігара Жука і іншых вядомых асобаў Беларусі.

У другую кнігу Алеся Бельскага “Вытокі і плынь” увайшлі выбраныя творы, напісаныя аўтарам на працягу 1975-2015 гадоў. Гэтыя адмыслова падабраныя тэксты даюць уяўленне пра творчую эвалюцыю аўтара, яго жанравыя і тэматычныя пошукі.

Трэцяя кніга Алеся Бельскага прысвечаная яго роднай Капыльшчыне. Яна называецца “Тут наша радзіма”. Зборнік склалі біяграфіі дзеячаў навукі, эканомікі і культуры з Капыльшчыны, якія вызначаліся сваім талентам і майстэрствам, творчай працай і прафесійнымі дасягненнямі.

Чацвёрты зборнік “Між маладзіком і ветахам” – паэтычны. Аснову зборніка Алеся Бельскага склалі вершы, напісаныя ў ранні перыяд творчасці, а таксама ў пару юнацтва і маладосці. Яны былі ўлучаны ў першую кніжку, якая рыхтавалася да друку ў канцы 1980-х гадоў, але так і не пабачыла свет. Паэтычныя тэксты, сабраныя пад адной вокладкай, даюць уяўленне пра станаўленне творчай асобы аўтара, яго духоўныя і мастацкія шуканні. Многія творы, якія трапілі ў зборнік, надрукаваны ўпершыню.

Усе новыя кнігі Алеся Бельскага прымеркаваны да яго 55-годдзя з дня нараджэння. Яны аформлены рэпрадукцыямі карцін беларускага мастака Алеся Квяткоўскага.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя