Чэкісты п’юць, а падполле актыўна дзейнічае
Навагодняя акцыя антысавецкага руху ў Маларыцкім раёне, тагачаснай Берасцейскай вобласці, стала апошняй кропляй для кіраўнікоў абласнога камітэта Кампартыі. 13 студзеня 1947 года сакратар Берасцейскага абкама КП(б)Б Васіль Чарнышоў падпісаў рашэнне зняць з пасады начальніка міліцыі Маларыцкага раёна і вынесці апошняе папярэджанне тамтэйшаму галоўнаму чэкісту.
Што ж такога здарылася на Маларытчыне ў навагоднія дні 1947 года? 2 студзеня на тэрыторыі Арэхаўскага Сельскага савета знік упаўнаважаны абкама Кампартыі, прадстаўнік Берасцейскага дзяржбанка таварыш Шабалін разам з двума суправаджаючымі. Да гэтага ў раёне невядомыя забілі трох савецка-партыйных функцыянераў: загадчыка раённай ашчаднай касай Саўчука, інструктара РК КП(б)Б Цярэшчанку ды аднаго з мясцовых дэпутатаў Панасюка.
Кіраўніцтва ў Берасці бянтэжыла тое, што па ўсім фактам няма аніякай аператыўнай інфармацыі і на думку абласнога начальства, “з боку органаў МУС і МДБ не прынята сур’ёзных мер да вышуку зніклых, і бачна недапушчальная маруднасць у ліквідацыі нацыяналістычнага падполля”.
На фоне згаданых падзей, 13 студзеня 1947 года Берасцейскі абласны камітэт Кампартыі пастанавіў, што не ліквідаваныя да гэтага часу ў Маларыцкім раёне антысавецкія групы, за апошнія месяцы істотна актывізавалі дзейнасць: збіваюць мясцовых дэпутатаў і забіваюць савецка-партыйных работнікаў. Абласное кіраўніцтва ўпэўнілася, што аддзелы Міністэрства дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў на Маларытчыне працуюць незадавальняюча, укамплектаваныя слабымі кадрамі, няздольнымі весці эфектыўную працу ў барацьбе з падполлем.
Выпраўленне сітуацыі пачалося з пакарання галоўнага раённага міліцыянта і чэкіста. Начальніка міліцыі Аркадзя Ражнева звольнілі, а начальніка чэкістаў Георгія Камяка пакаралі строгай вымовай і апошнім папярэджаннем з фармулёўкай: “калі ён не палепшыць працу і будзе дапускаць п’янкі пры выездах ў сельсаветы, будзе зняты з працы начальніка РА МДБ і выключаны з партыі”.
Таксама Берасцейскі абласны камітэт Кампартыі звярнуўся да міністра ўнутраных спраў БССР Сяргея Бельчанкі. Абкам папрасіў накіраваць у Маларыцкі раён на перыяд выбараў у Вярхоўны Савет БССР не менш за два ўзводы. З Берасця ў Маларыту да 12 лютага 1947 года накіравалі 85 партыйных актывістаў для ўзмацнення агітацыйна-палітычнай працы сярод мясцовых жыхароў.
Не паспеўшы разабрацца з антысавецкім рухам на Маларытчыне, Берасцейскі абласны камітэт Кампартыі атрымаў чарговую неспадзяванку, але цяпер з Жабінкі. Тутака, 21 студзеня 1947 года, на чыгуначнай станцыі невядомыя распаўсюдзілі ўлётку з адозвай да чырвонаармейцаў. У ёй падпольшчыкі заклікалі жаўнераў не быць цацкай у руках забойцы народаў Сталіна і вынішчаць чэкістаў.
(…) Байцы і камандзіры Чырвонай Арміі!
Вы разбілі фашысцкую Нямеччыну, праславіліся на палях Вялікай Айчыннай вайны. Сталін абяцаў Вам пасля вайны мірнае, шчаслівае жыццё. Але выйшла не так. Сталінская кліка, рыхтуючыся да вайны, замест свабоды ўмацавала тэрор, замест багатага жыцця ўмацавала тэрор, замест багатага жыцця ўмацавала эксплуатацыю. Народы і грамадзяне СССР перажываюць новы прыгнёт сталінскага рабства.
Супраць Сталіна, супраць яго тэрору, супраць яго імпэрыялізму расце і разрастаецца новая рэвалюцыйная сіла, якую падтрымліваюць народы і грамадзяне.
Чырвонаармейцы! Вы бачыце актыўны супраціў мас супраць сталінскага рэжыму падчас выбараў у Вярхоўны Савет 10.11.46 года.
Акрамя тэрору, акрамя узмоцненай дзейнасці НКУС-НКДБ, акрамя арыштаў, высылак, расстрэлаў, акрамя таго, што ўсе вёскі і гарады былі абкладзены часткамі Чырвонай Арміі і НКУС – народ не ішоў на выбары і стойка запратэставаў супраць сталінскага рэжыму. Гэта доказ узрастання рэвалюцыі, доказ яе сілы. У многіх выпадках гэта доказ і супрацоўніцтва народа і Чырвонай Арміі ў барацьбе супраць Сталіна. Тое сяброўства ўсіх антысталінскіх сілаў трэба ўмацоўваць і ўзмацняць да новай перамогі.
Яднайцеся з рэвалюцыяй, дапамагайце народу ў барацьбе. Арганізоўвайце рэвалюцыйныя групы ў частках Чырвонай Арміі. Выкрывайце і знішчайце сталінскіх пасобнікаў, сексотаў, агентаў НКУС-НКДБ.
Сталін кінуў Вас на крывавую барацьбу з фашызмам, сёння высылае Вас на барацьбу супраць народа і рэвалюцыі, а ў бліжэйшы час пашле Вас на новую вайну, заняволенне новых дзяржаў і народаў… Час падумаць пра свой лёс, пра сапраўднае вольнаае жыццё…
Нядаўнія матэрыялы па антысавецкім руху на Палессі: Паляванне чэкістаў на палескага „Ваўка”, Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…, Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!, Красавік 1945 года: „Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі”, Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя