Чэслаў Мілаш: свой сярод чужых у каранціне (абноўлена)
“Санаторый пад клепсідрай”. Польскі Інстытут у Менску і кнігарня “ЛогвінаЎ” распачалі анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску.
Распавядае ўкладальнік паэтычных выданняў Чэслава Мілаша Андрэй Хадановіч:
– Мілаш заўсёды з насцярожанасцю ставіцца да ўсяго, што ставіць нейкія іншыя вартасці вышэй, чым чалавечае жыццё. Мілаш ненавідзеў фашызм, Мілаш цярпець не мог камунізм, сацыялізм. Але ён з такой жа падазронасцю ставіцца, скажам, да польскага нацыяналізму, да любых ідэялогій. Ён на баку чалавека. Сорам за тое, што апынуўся з іншага боку гета.
Афіцыйныя ўлады Беларусі не забараняюць масавыя мерапрыемствы, аднак ва ўмовах “народнага каранціну” культурніцкія пляцоўкі адна за адной пераходзяць у фармат анлайн-вечарын, прэзентацый, лекцый.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
***
Правінцыял у Вільні, віленчук у Польшчы, паляк у Францыі, “дзіця Еўропы” ў Амерыцы, “апошні грамадзянін ВКЛ” у Еўразвязе. Усё гэта ён – Чэслаў Мілаш.
Падчас першай менскай сустрэчы ў межах анлайн-цыклу “Санаторый пад клепсідрай” значэнне постаці Чэслава Мілаша для свету прадставіў паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч:
– Чэслаў Мілаш быў сведкам Першай і Другой сусветных войнаў, рэвалюцый, грамадскіх ломак, крызісаў чалавечых светапоглядаў. Мяняў месцы жыхарства, нават застаючыся на адным месцы, ён быў бы грамадзянінам розных краін, бо межы перакройваліся ўвесь гэты час, а ён яшчэ і змушаны вандроўнік, вечны ўцякач і эмігрант.
Анлайн-цыкл “Санаторый пад клепсідрай” арганізаваны Польскім інстытутам у Менску і ўключае штотыднёвыя літаратурныя чытанні пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск