„Чорная рэчка”: Проза айца Паўла Каспяровіча



У Гародні літаратурны працэс нястрымана набірае бег. За год ужо чатыры кнігі ўбачылі свет з-пад пяра мясцовых літаратараў. Апошняя кніжка, з серыі „кнігарня пісьменьніка” належыць нашаму Госцю Рацыі, які гатовы скараць творчы Алімп ў прозе. Сёння ў нашым эфіры пабываў айцец Павел Каспяровіч, гарадзенскі паэт, які выдаў сваю першую кнігу прозы. Гутарыць з ім наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі.

Павел Каспяровіч

РР: Вы, Айцец Павел не першы, ужо вядомы шэраг паэтаў у нас на Гарадзеншчыне які доўгі час уважаліся за паэтаў, і ўрэшце пайшлі на хлеб прозы. Гэта Данута Бічэль, гэта Алла Петрушкевіч, гэта Анатоль Брусевіч, і вось Вашая кніжка – „Чорная рэчка”. Які быў шлях стварэння гэтай кнігі?

– Я ўсё жыццё думаў, што буду пісаць толькі вершы. Але 2 гады таму неяк прыйшло натхненне, і я паспрабаваў напісаць апавяданне. На паэтычную вечарыну прыехала Людміла Рублеўская, мы з ёй паразмаўлялі, яна паглядзела апавяданне, і сказала, што пішыце далей, у Вас добра атрымліваецца. Я пачаў пісаць далей, нешта ёй паказваў, раіўся. І так за 2 гады, месяц за месяцам я напісаў цыкл апавяданняў. Узімку ў нас адбылося паседжанне абласной рады Саюзу беларускіх пісьменнікаў, і Барыс Пятровіч з Алесем Пашкевічам запыталіся: чаму я дагэтуль не выдаў кнігу? Я адказаў ім такім чынам, што не было нагоды. Яны прапанавалі дапамогу. Я кажу, што магу паказаць кнігу паэзіі ці апавяданняў. Яны кажуць – давайце апавяданні. Я ім даслаў, і такім чынам гэта кніга і з’явілася. Многія апавяданні з’явіліся дагэтуль у часопісах „Новы замак”, „Дзеяслоў”, „Тэрмапілы”, а цяпер яны ўсе былі ў адным зборніку. Літаральна месяц, як ён выйшаў. А вось Вы казалі пра тое, што паэты пераходзяць на прозу? Так атрымалася, што я люблю расейскую паэзію – і сам Аляксандр Сяргеевіч пісаў прозу, Міхаіл Юр’евіч пісаў прозу. Калі казаць пра нашых класікаў – Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч быў паэт і празаік. Мой любімы Высоцкі перад смерцю стаў цікавіцца прозай. Я думаю, што гэта натуральны працэс, што людзі спрабуюць пісаць у розных жанрах. Як будзе ў мяне далей – невядома. Ёсць шмат цікавых сюжэтаў. Можна канешне спрабаваць замахнуцца на аповесць, толькі адчуваю, што на аповесць таленту малавата, таму пакуль буду пісаць у жанры апавяданняў. 

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя