„Чужы” Валянціна Дубатоўкі ў кніжным клубе



Падчас сустрэчы чальцоў Гарадзенскага кніжнага клубу ў памяшканні „Цэнтра гарадскога жыцця” адбылося абмеркаванне апавядання Валянціна Дубатоўкі „Чужы”. 

Твор шматгранны, ахоплівае не толькі тэму чалавечай трагедыі ў час вайны, але і ўтрымлівае гістарычныя факты.

Адна з удзельніц клубу кажа пра свае ўражанні ад апавядання „Чужы”:

– Тое, што кінулася ў вочы, твор пра тое, якое месца займае Беларусь і беларус у сусвеце, ці ёсць у нас месца. Па-другое, ці ёсць абсалютная праўда ў гэтым свеце. Ці можна падзяліць усе ўчынкі чалавека на добрыя і злыя, ці ёсць чорныя і белыя, гэта вельмі цяжка адрозніць. Заўсёды чалавек павінен рабіць трапны выбар, на жаль не заўсёды так атрымліваецца.

Удзельнікі кніжнага клубу адзначылі, што па сваіх мастацкіх вартасцях апавяданне „Чужы” заслугоўвае стаць класікай, а таксама быць уключаным у школьныя праграмы. Узбагацілі ўражанні ад прачытанага твору меркаванні і дапаўненні самога аўтара Валянціна Дубатоўкі:

– Я лічу, што гэта вельмі добрая практыка, тым больш калі вядзеш такую размову з чытачом, такую шчырую размову, дзе не толькі чытач цябе хваліць, а дзе робяцца заўвагі альбо задаюць такія вострыя пытанні, гэта вельмі слушна, карысна для самога пісьменніка. Хоць там напісана з мастацкага боку, але ўсё ж такі гэта гісторыя ўсёй Заходняй Беларусі. Лёс чалавека, які трапіў у складаную сітуацыю. Гэта біяграфічная і тыя героі, якія там згадваюцца, там крыху змененыя прозвішчы, а па сутнасці там праўда.   

У „Цэнтры гарадскога жыцця” сустрэчы Гарадзенскага кніжнага клубу ладзяцца штотыдзень.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня