Чые імёны ў бібліятэк Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны
15 верасня пазначаны ў календары Рэспублікі Беларусь як Дзень бібліятэк. Усталяваны ён быў у 2001 годзе па ініцыятыве Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Беларускае Радыё Рацыя задалося мэтай удакладніць чыё імёны носяць бібліятэкі Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей.
Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка досыць даўно носіць імя акадэміка-славіста Яўхіма Карскага. Здаецца гэта сапраўды тая постаць, якая задавальняе бальшыню. Як ведама нарадзіўся заснавальнік навуковага беларусазнаўства ў маленькай мясцовасці Лаша, што непадалёк Гародні.
У раённых цэнтрах Гарадзеншчыны толькі тры бібліятэкі носяць імёны выдатных людзей нашай зямлі.
Шчучынская раённая бібліятэка носіць імя нашай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Гэта слушна, паколькі наша асветніца жыла на зямлі Шчучыншчыны, а таксама знайшла на ёй свой апошні спачын. Пасля правядзення ў Шчучыне Дня беларускага пісьменства візуальнай беларушчыны ў горадзе пабольшала.
Бераставіцкая раённая бібліятэка носіць імя Восіпа Кавалеўскага, выдатнага навукоўца. Земляка тут шануюць. Зусім нядаўна ў выніку працы супрацоўнікаў бібліятэкі быў выданы бібліяграфічны паказальнік працаў выбітнага гісторыка, філамата, аднаго з заснавальнікаў манголазнаўства.
Слонімская раённая бібліятэка мае імя агульнабеларускага класіка нашай літаратуры Якуба Коласа. Размешчана бібліятэка ў будынку былой гарадской ратушы.
12 раённых бібліятэк сучаснай Гарадзеншчыны ня маюць ніякіх імёнаў. Хоць вартых і творчых людзей, якія паходзяць ці звязаныя з гэтымі рэгіёнамі нямала. Прыкладам, Астравецкая бібліятэка магла б насіць імя Казіміра Сваяка, Ваўкавыская ці Зэльвенская – Ларысы Геніюш, Карэліцкая – Яна Чачота, Наваградская – Адама Міцкевіча, Смаргонская – Францішка Багушэвіча і гэтак далей. Напэўна пара культурніцкай грамадскасці і краязнаўцам гэтых рэгіёнаў выступіць з падобнымі ініцыятывамі.
У Берасцейскай вобласці намнога больш “зааблічаных” бібліятэк, але толькі частка з іх уганароўвае менавіта айчынных творцаў ці людзей навукі і культуры.
Баранавіцкая гарадская бібліятэка мае імя пісьменніка Валянціна Таўлая. Ён нарадзіўся менавіта ў Баранавічах.
Івацэвіцкая раённая бібліятэка носіць прозвішча іншага заходнебеларускага творцы Піліпа Пестрака. Ён нарадзіўся ў вёсцы Сакаўцы гэтага раёну.
Ляхавіцкая раённая бібліятэка мае імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Пінская цэнтральная раённая бібліятэка носіць імя паэткі Яўгеніі Янішчыц. Янішчыц – нараджэнка вёскі Рудка, што на Піншчыне.
Ганцавіцкая раённая бібліятэка носіць імя савецкага журналіста, рэдактара раённай газеты Васіля Праскурава.
Пружанская раённая бібліятэка носіць імя беларускага паэта і крытыка Міколы Засіма. Ён нараджэнец вёскі Шані, што на Пружаншчыне.
Адна з самых адметных па назве бібліятэк у Камянцы. Мясцовая бібліятэка мае імя Усевалада Ігнатоўскага, нараджэнца вёскі Такары гэтага раёна, першага прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук.
Аднак некаторыя бібліятэкі Берасцейшчыны носіць імёны недатычных да рэгіёна і “прыцягнутых за вушы” асобаў. Так Берасцейская цэнтральная гарадская бібліятэка мае імя расейскага паэта Аляксандра Пушкіна. Усім вядома, што Пушкін ніяк не звязаны ні біяграфіяй, ні творчасцю з Берасцейшчынай. Іванаўская раённая бібліятэка носіць імя савецкага расейскага пісьменніка Фёдара Панфёрава.
Бярозаўская раённая бібліятэка магла б насіць імя паэткі Ніны Мацяш, Драгічынская раённая – імя Сяргея Паўловіча, Янаўская (Іванаўская) – Напалеона Орды. Варта было б краязнаўцам падшукаць імёны і іншым раённым бібліятэкам Берасцейшчыны.
Аналіз назваў заходнебеларускіх бібліятэк паказвае, што пакуль меншая частка гэтых асветных установаў мае імёны выдатных літаратараў і дзеячаў культуры. І варта было б надаць безыменным бібліятэкам найменні, якія будуць належным ушанаваннем асобам, што прынеслі гонар нацыі.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара