Чым будзе займацца „Беларуская незалежная кінаакадэмія”?



Прэзентацыя прайшла напярэдадні ў рамках Berlinale – Berlin International Film Festival.

Там таксама ў рамках фестывалю дзесяць беларускіх аўтараў прадставілі свае кінапраекты. Незалежныя беларускія творцы аб’ядналіся ды вызначылі галоўныя мэты. Сярод якіх – прасоўваць інтарэсы беларускіх незалежных кінатворцаў у тым ліку на міжнародных пляцоўках.

Сярод ініцыятараў – беларускі рэжысёр Андрэй Куціла:

Можна сказаць, што шэсць чалавек гэтай ініцыятыўнай групы, якія пачалі распрацоўваць канцэпцыю аб’яднання, якая магла прадстаўляць інтарэсы беларускага незалежнага кінематографа, магла бараніць гэтыя інтарэсы, магла прадстаўляць інтарэсы на міжнародных кінапляцоўках, а таксама ствараць пэўныя ўмовы для развіцця беларускага кінематографа.

А гэта новая арганізацыя беларускай кінематаграфічнай супольнасці — „Беларуская незалежная кінаакадэмія”. Яе ўтварэнне ўжо падтрымала адна з буйных інстытуцый Еўропы — „Еўрапейская кінаакадэмія”, дзе абяцаюць падтрымку і дапамогу.

Беларускаму кіно патрэбная супольнасць, піша крытык Ірэна Кацяловіч у сацыяльных сетках пасля прэзентацыі на Berlinale – „Беларускай незалежнай кінаакадэміі”. Ідэя стварыць аб’яднанне нарадзілася пасля пачатку вайны ва Украіне: тады больш за 130 беларускіх кінатворацаў выступілі супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.

Салідарнасць кінематаграфічнай супольнасці – падштурхнула да стварэння інстытуцыі. Між іншым заўважае беларускі кінакрытык Ірэна Кацяловіч, якая сярод заснавальнікаў кінаакадэміі:

– Салідарнасць тут адыграла тую ролю, што яна справакавала стварэнне кінаакадэміі. Мы бачым цяпер у працы, што мы ўжо зрабілі за месяцы. Штодзённа сустракаемся і бачым, што разам сапраўды атрымліваецца шмат, значна больш, чым калі рабіць паасобку. Гэта працоўная схема, гэта канцэпцыя. Кінаакадэмія заклікана аб’ядноўваць людзей.

Новую арганізацыю беларускай кінематаграфічнай супольнасці афіцыйна прэзентавалі 17 лютага на фестывалі Берлінале. У ініцыятыўную групу ўвайшлі рэжысёрка Дар’я Жук, рэжысёры Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю „Паўночнае ззянне” Воля Чайкоўская, кінаэксперт, фестывальны адборнік Ігар Сукманаў і кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Беларускае Радыё Рацыя