«Чытаем па-беларуску з velcom»: другі этап
Другі этап адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»! пачынаецца ў Беларусі. На гэты раз праект ахопіць школьнікаў не малодшых, як летась, а старэйшых – 7-8 класаў. Лепшыя ўдзельнікі будуць вызначацца праз сацыяльныя сеткі па ўсёй краіне. Як можна паўдзельнічаць ў праекце, распавяла кардынатар кампаніі Таісія Пажогіна.
– Вучні 7-8 класаў будуць запісваць відэазапісы, на якіх чытаюць творы беларускіх аўтараў, якія ім падабаюцца. Але ж мы раем праграму па беларускай літаратуры, якую яны вывучаюць у школе. Яны выбіраюць верш і частку прозы. Запісваюць гэта на відэа. Выкладаюць у сацыяльныя сеткі, памячаюць гэта хаштэгам праекта. Журы выбірае па 30 лепшых юных чытачоў з кожнай вобласці. Потым у кожнай вобласці будуць праходзіць абласныя этапы праекта.
А пераможцы вызначацца ў траўні напрыканцы навучальнага года.
«Чытаем па-беларуску з velcom»! гэта сацыяльна-адукацыйны праект, які праводзiцца мабільным аператарам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Асноўнай мэтай iнiцыятывы з’яўляецца павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да беларускай мовы, літаратуры i культуры.
Летась каманда «Чытаем па-беларуску з velcom» наведала 40 населеных пунктаў Беларусі і правяла ўрокі для 23 тысяч беларускіх школьнікаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя