Чыжыку беларускаму – 135 гадоў



20 ліпеня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, перакладчыка, музыканта, калекцыянера і мастака са Слоніма Гальяша Леўчыка. Але ён, Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч), заслугоўвае вялікай пашаны не толькі ў маштабах Слонімшчыны, але і ўсёй Беларусі.

leuchyk_1Мечыслаў Барвіцкі. Партрэт Гальяша Леўчыка, 1927 г.

Шмат гадоў шукаю звесткі пра жыццёвы і творчы шлях Гальяша Леўчыка. Знойдзена іх на цэлую кнігу, над якой працую. Можа, калі-небудзь гэта кніга напішацца і дай Божа выдасца.

Шмат гадоў Гальяш Леўчык пражыў і ў Варшаве. З Варшавай нашага земляка звязвалі амаль 40 гадоў. Ён жыў то ў Варшаве ў сваёй невялікай кватэры, то ў Слоніме ў маленькай хатцы на вуліцы 3 Мая (цяпер вуліца Чырвонаармейская).

Пры жыцці паэт выдаў у Вільні ў 1912 годзе свой адзіны паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”, а таксама кнігу перакладаў “Песьні духоўныя з Гарфы Сіонскай” на беларускай мове (Вільня, 1925-27). Да ягонага 100-годдзя Янка Саламевіч падрыхтаваў кнігу выбраных твораў паэта “Доля і хлеб” (Мн., 1980).

leuchyk_4

Гальяш Леўчык (трэці злева) з землякамі, 1905 г.

У Слоніме Ілья Ляўковіч скончыў мясцовае гарадское вучылішча і пэўны час служыў пісарчуком у каморніка, а затым — у канцылярыі суддзі. Тут, у родным горадзе над Шчарай, ён прайшоў спецыяльныя курсы і набыў прафесію чарцёжніка.   А ў 1904 годзе паехаў у Варшаву, дзе ўладкаваўся працаваць чарцёжнікам у будаўнічы аддзел варшаўскага магістрата. У пачатку 1920-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабуе перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт зноў вяртаецца назад у Варшаву і жыве там на становішчы то дробнага служачага, то беспрацоўнага.

З 1907 года слонімскі юнак супрацоўнічае з газетай “Наша ніва”, дасылае з Варшавы туды свае вершы, якія падпісвае псеўданімам Гальяш Леўчык.  “Наша ніва” моцна прывязвае варшаўскага інтэлегента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі  на пасмяротнае выданне зборніка твораў беларускага паэта Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для “Беларускага календара”, выпытвае і выманьвае ў збяднелых арыстакратаў Польшчы старыя граматы, пячаткі, беларускія выданні. У Варшаве Гальяш Леўчык аб’ядноўвае вакол сябе ўсіх беларусаў, аказвае бясконцыя таварыскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апякуецца прыезджымі, гуртуе ў зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся роднай мовы.

leuchyk_5

Беларускі гурток у Варшаве. Крайні справа Гальяш Леўчык, 1912 г.

Першую звестку пра дзейнасць Гальяша Леўчыка ў Варшаве змясціла “Наша ніва” 1 снежня 1911 года. Газета, у прыватнасці, напісала, што “на сцэне мы ўбачылі на лаўцы хворага, слабога, ледзь жывога мальца-беларуса, у згрэбнай сарочцы, прыкрытага старэнькай світкай — тып праўдзівага беларуса-мужыка. Быў то малады пясняр Леўчык Гальяш. Ён слабым голасам пад гітарару прапяяў: “Мне трэба ўмерці” і апроч таго пасля шмат чаго дэкламаваў. Усё выпаўніў шчыра і публіцы надта спадабаўся”.

Жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык ведаў усіх беларусаў. Ён заўсёды знаходзіў час сустрэць тых, хто ў Варшаву прыязджаў, знайсці ім часовую кватэру, запрасіць да сябе ў госці, дапамагчы тым, чым мог.

leuchyk_2

Гальяш Леўчык у Варшаве.

Адзін раз Гальяш Леўчык запрасіў Зоську Верас і яе сяброўку Марысю Галубянку да сябе ў госці. “Кватэра была, здаецца, на трэцім паверсе, — успамінала пісьменніца. — Адзін, даволі вялікі пакой, даўгі, з адным вакном. Пакой здаваўся вузкім, таму што адна ягоная сцяна была абсталявана даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх ляжалі кніжкі, кніжкі, кніжкі… Сапраўды, гэта была вялікая, цікавая і каштоўная бібліятэка. Сабранае было хіба што ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове… Усе паліцы былі ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі. Шмат што было купленае, але і шмат падараванае аўтарамі ды знаёмымі”.

Адзінай беларускай арганізацыяй, якая тады існавала ў Варшаве, было зямляцтва студэнтаў-беларусаў Варшаўскага Імператарскага універсітэта, якім апекаваўся вядомы беларускі вучоны Яўхім Карскі. Студэнтам дапамагалі беларусы — жыхары Варшавы, якія мелі сяброўскае згуртаванне. Самым актыўным удзельнікам быў і Гальяш Леўчык.

leuchyk_3

Гальяш Леўчык (стаіць справа), Язэп Драздовіч (стаіць злева) у дзвярах, Антон Грыневіч стаіць справа на пярэднім плане, астатнія — невядомыя. 1930-я гады.

Па словах гісторыка Юры Туронка, у ліпені 1925 года наш зямляк быў выбраны сакратаром праўлення Беларускага камітэта ў Варшаве. Памяшканне гэтага камітэта знаходзілася на вуліцы Макатоўскай у доме метадыстаў (дарэчы, у сярэдзіне 1920-х гадоў Гальяш Леўчык захапіўся метадысцкай дзейнасцю). Ён таксама перакладаў на беларускую мову рэлігійныя творы і друкаваў іх у выданнях “Арфа Сыёну”, “Новае жыццё” і “Дух праўды”.

У чэрвені 1926 года Гальяша Леўчыка выбіраюць сакратаром створанага ў Варшаве цэнтральнага праўлення Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.  А ў 1930-я гады Гальяш Леўчык быў служачым у Найвышэйшым судзе ў Варшаве. Шмат пісаў вершаў і займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. А таксама шмат выступаў на розных меапрыемствах з вершамі і рознымі прамовамі.

leuchyk_6

Хата Гальяша Леўчыка ў Слоніме. Не захавалася.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны Леўчык завітаў у Слонім. А калі пачалася вайна, ён у 1942 годзе ён вырашыў падацца ў Варшаву, каб выратаваць свой хатні архіў і кватэру. Прыбыўшы туды, паэт дабраўся да свайго дому. Але ў ягонай кватэры жыла іншая сям’я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватэрантаў. Так наш зямляк застаўся без свайго жылля і каштоўнага архіву. У акупаванай немцамі Варшаве ён галадаў, а ў пачатку 1944 года Гальяша Леўчыка не стала.

Сяргей Чыгрын, Беларуская Радыё Рацыя, Слонім

Фота з архіва аўтара