Cустрэча з Галінай Пазняк: „Уладзімір Мулявін – геній, які апярэдзіў свой час”
Імпрэза адбудзецца 13 кастрычніка ў 18.30 у Беларускім Доме ў Варшаве.
Творчасць Уладзіміра Мулявіна знаёмая амаль што ўсім беларусам і адначасова поўная таямніцаў. Адкуль такія прыгожыя тэксты песень, такія матывы? Як чалавек з Сібіры закахаўся ў беларускую народную культуру і пачаў яе адраджэнне? Пра гэта і шмат іншага з творчасці Мулявіна раскажа Галіна Пазняк падчас сустрэчы ў Беларускім Доме.
Уладзімір Мулявін – заснавальнік і мастацкі кіраўнік легендарнага ансамбля «Песняры». У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.
Паводле прэс-рэлізу