Cядзібу ў Мёрскім раёне прадаюць за базавую велічыню
Адразу два гістарычныя будынкі на таргі выставілі ў красавіку: Крыжаўзвіжанскі касцёл ва Уздзе і старадаўнюю сядзібу роду Рудніцкіх у вёсцы Асада Дзедзіна Мёрскага раёна.
Таргі па касцёлу былі прызначаны на канец красавіка, але не адбыліся – жадаючых купіць будынак, у якім хрысцілі бацьку Янкі Купалы, не знайшлося, піша tut.by.
Прадаць старадаўнюю сядзібу, будаўніцтва якой пачалося ў 1810 годзе, паспрабуюць 18 траўня. І можна меркаваць, што пройдзе аўкцыён паспяхова – на лот прыйшло тры заяўкі ад патэнцыйных пакупнікоў. А ўлічваючы, што прадаюць яе за базавую велічыню, то пакупнікам нават прыйдзецца трохі пагандлявацца.
Праўда, пасля куплі новаму ўладальніку трэба будзе дадаткова пакрыць у раённы бюджэт выдаткі за афармленне дакументаў на аб’ект – 4 мільёны 141 тысячу рублёў.
Ёсць і ўмовы выкарыстання аб’екта: правесці рэстаўрацыю будынка трэба на працягу двух гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу. Перапрадаць яго нельга на працягу трох гадоў. А вось мэтавае прызначэнне сядзібы пакупнік будзе выбіраць сам. Гэта значыць зможа адкрыць там, напрыклад, гасцініцу або рэстаран.
Фота: meridian28.com