Cяргей Чыгрын: Слонімская сінагога – унікальны помнік



У Гародні на аўкцыёне па продажы нерухомасці была спроба прадаць Слонімскую сінагогу. Аднак пры стартавым кошце каля 50 тысяч даляраў не знайшоўся пакупнік.

У чым унікальнасць будынка распавядае слонімскі краязнаўца і журналіст Сяргей Чыгрын:

– Слонімская сінагога – адна з найпрыгажэйшых сінагог Беларусі. Яна была пабудаваная ў 1642 годзе, з’яўляецца самым старым помнікам Слоніма. Вельмі такі адметны помнік, таму што з тых сінагог, якія былі да вайны ў Слоніме, засталіся зараз дзве. Адна эксплуатуецца пад спартыўную залу медыцынскага каледжа, звычайная сінагога. А гэта галоўная сінагога.

Сяргей Чыгрын заўважае, што габрэі, якія прыязджаюць у Слонім, ведаюць толькі гэты будынак:

– Калі зараз прыязджаюць старыя габрэі з іншых краін свету, яны не пазнаюць Слонім. Але калі завядзеш да гэтай сінагогі, яны адразу падаюць на калені і кажуць: усё, мы ўспомнілі, куды мы хадзілі з бацькамі, ці з дзедам, бабуляй, менавіта ў гэтую сінагогу. Яна знаходзіцца ў жахлівым стане. Дзякаваць Богу, гадоў 10 ці 15 таму яе ўдалося накрыць, зрабіць дах. Каб не накрыты дах, то наогул гэтага помніка ўжо б не было.

Па словах Сяргея Чыгрына, на рэканструкцыю сінагогі патрэбна шмат грошаў і гэтым у першую чаргу павінна займацца дзяржава, бо помнік знаходзіцца пад яе аховай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча