Да 100-годдзя Івана Шамякіна і Івана Мележа
Канал «Культура» Беларускага радыё адзначыць гадавіны з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа спецвыпускамі ўласных праектаў і падборкай аўдыяпастановак паводле твораў двух класікаў айчыннай літаратуры.
Іван Шамякін
100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, якое святкуецца 30 студзеня, спецыялізаваная радыёхваля пачне адзначаць ужо ў гэтыя выхадныя. У першую чаргу канал парадуе аматараў літаратуры. Так, 23 і 24 студзеня ў напаўненні перадачы «Радыётэатр плюс», якая пачнецца ў 21.30, выкарыстаюць дзве часткі радыёспектакля «Адна на падмастках» паводле аднайменнай аповесці класіка. Галоўную ролю ў пастаноўцы 1994 года выканала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.
Іван Мележ
Непасрэдна ў святочныя выхадныя 30 і 31 студзеня ў літаратурна-мастацкім праекце «Радыётэатр плюс» прагучаць радыёспектаклі «Трывожнае шчасце» і «Выгнанне блудніцы» паводле твораў Івана Шамякіна.
«Гэтыя аўдыяработы, створаныя паўстагоддзя таму з удзелам акцёраў двух галоўных драматычных тэатраў краіны — імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, — не страчваюць сваёй актуальнасці, — сказаў дырэктар канала „Культура“ Уладзімір Трапянок. — 1960-я, дарэчы, сталі пачаткам зорнага часу айчыннага радыётэатра, калі былі вызначаны асноўныя напрамкі яго развіцця, мастацкія крытэрыі і вартасці. Юбілейныя даты дазваляюць нам зноў вяртацца да выбраных радыёпастановак, каб нагадаць пастаяннаму слухачу, а таксама азнаёміць падрастаючае пакаленне з лепшымі літаратурнымі творамі Беларусі, якія некалі набылі аўдыягучанне і сталі здабыткам мастацкага вяшчання краіны».
Дарэчы, 30 студзеня на тэлеканале «Беларусь 3» можна будзе ўбачыць экранізацыю рамана Івана Шамякіна «Вазьму твой боль» і дакументальнага фільма «Іван Шамякін: трывожнае шчасце пісьменніка» з цыкла «Запіскі на палях».
Яшчэ адзін 100-гадовы юбілей — з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, які прыпадае на 8 лютага, — радыёканал «Культура» адзначыць у першыя выхадныя апошняга зімовага месяца трансляцыяй пастановачных апавяданняў «У завіруху» і «Ноччу», радыёспектакляў «Хто прыйшоў уначы» і «Подых навальніцы».