Да 100-годдзя Шамякіна. Сустрэчы з пісьменнікам



У гэтыя дні, літаратурная супольнасць краіны, аматары мастацкага слова адзначаюць 100 гадовы юбілей Івана Пятровіча Шамякіна (1921-2004). Ён аўтар твораў, якія сталі класікай, скарбам айчыннай літаратуры: “Глыбокая плынь”, “У добры час”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Злая зорка”, “Шлюбная ноч” ды дзесятнкі іншых.

З нагоды стагоддзя прыгадаўся творчы вечар прысвечаны Шамякіну, які ў студзені 2016 года ў Пінску зладзіла раённая бібліятэка. Галоўным выступоўцам на той імпрэзе быў паэт Анатоль Шушко (1954-2018), ён падзяліўся з прысутнымі ўспамінам, як пазнаёміўся з вядомым пісьменнікам. Ягоная прамова ўвесь гэта час захоўвалася ў выглядзе аўдыязапісу і здаецца надышоў самы момант, каб упершыню яго “пакласці на паперу”.

А. Шушко на той самай імпрэзе.

(…) У дзевятым класе, седзячы на печы, грэючы, як той казаў “нешта”, чытаў “Непаўторную вясну”. Электрычнасці я не ўключаў была простая знічка і я на печы. Пакуль не дачытаў “Непаўторную вясну” ня лёг спаць. Настолькі магутна мяне ўразіла і сам быў тады вельмі закаханы, таму ажно сэрца дрыжала. Вось такое яно, першае знаёмства з творчасцю Шамякіна.

Упершыню Івана Пятровіча я пабачыў у снежні 1971 года ў Менску, то быў творчы вечар Васіля Быкава. Васіль Уладзіміравіч прыехаў тады з Гародні, а вёў творчы вечар Іван Пятровіч Шамякін. Цікава, я не думаў, што ён такога не вялікага росту, можа метр шэсцьдзясят з капейкамі. Затое мяне ўразіў ягоны погляд, постаць, сядзіць такі пяцідзесяцігадовы Іван Пятровіч, ведаеце, мяне ўразіла ягоная галава – настолькі яна мне падалася вялікаю. Першае ўражанне такое.

Потым стаяць, здаецца Танк, Крапіва, Лынькоў, Панчанка і Шамякін. Вось тады ў 1971 годзе я ўсіх іх бачыў на творчым вечары Быкава. Разумееце, мы першакурснікі, філфак БДУ падымаемся, тады Дом літаратара быў там, дзе гаўляйтэр Кубэ аддаў свой бясслаўны канец. І па сходах насустрач ідзе Шамякін і Лынькоў. Кожны падаў нам руку, павіталіся, але ніколі не забуду словы Міхася Ціханавіча Лынькова: “Ну, прывітанне, уюнашы!”. Любімае слова было ў яго, маладых называць “уюнашамі”. Гэта адступленне такое.

Потым бачыліся з Іванам Пятровічам на з’ездах Саюза пісьменнікаў, але вось так тэт-а-тэт не давялося гаварыць. Затое ў 1972 годзе ў тэатры Янкі Купалы ладзілася мерапрыемства прысвечанае 80-годдзю нашаму знакамітаму, легендарнаму Максіму Багдановічу. І тут у фае, зноў падымаемся з філфакаўцамі па сходах, а выходзяць у наш бок Шамякін, Крапіва, Лучанок і Сіпакоў. Трэба ўзяць аўтограф! Мяне штурхнулі першым, але Крапіва гаворыць: “Толя ў нас асадкі няма…”, маўляў такія мы пісьменнікі, а Шамякін дадаў: “Не падрыхтаваліся мы”. Даў ім сваю асадку і ўсе распісаліся на запрашальных білетах. Я цэлы год хаваў тую асадку, то ў тумбачцы ў інтэрнаце, але ўся роўна нехта яе ў мяне сцібрыў. Шмат было такіх імгненных сустрэч і на адкрыцці новага Дома літаратараў, і на розных літаратурных іпрэзах.

Часта я бачыў у парку Горкага, як мы іх называлі ІП – Іван Пятровіч Шамякін і Іван Паўлавіч Мележ. Абодва шпацыравалі, але Мележ хваравіта выглядаў, раненне было цяжкае, таму рана і памёр.

Апошняя сустрэча з Іванам Пятровічам у нас адбылася каля выдавецтва, гэта сёння праспект Пераможцаў. Яму ўжо было восемдзесят гадоў, але добра выглядаў, я думаў, што ён да дзевяноста дацягне, як Крапіва, але ў 2004 годзе яго нястала…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя