Да 105-годдзя палескага летапісца
Так па праву можна называць Фёдара Одрача (1912-1964). Ён нарадзіўся ў Мясяцічах, што ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Пінска. Пісьменнік сакавіта апісаў падзеі 1939-44 гадоў, пісаў толькі пра тое, што добра ведаў і бачыў на ўласныя вочы. Гэта хроніка прыходу бальшавікоў у Вільню, ўсталяванне саветаў на Палессі і канечне, куды без захапляльнай прыроды палескага краю.
Шмат цікавостак магчыма даведацца з ягоных апавяданняў і аповясцяў: “В дорозі”, “Щебетун”, “Півстанок за селом”, ”На непевному грунті” ды “Покинута оселя”. Як ужо зразумела з назваў, Одрач пісаў па-украінску і ўсе гэтыя кнігі выйшлі ў Канадзе, куды ён з’ехаў у выніку Другой Сусветнай вайны. Чаму украінская мова? Няма нічога дзіўнага для Піншчыны ды і ўсяго Палесся, якое мае ўнікальны моўны, культурны склад. Тут вам і беларускае, і польскае, і габрэйскае, і адпаведна украінскае. Такі лёс краіны багнаў, тым яна прыцягвае да сябе і адметная ад іншых куточкаў. Сапраўдны скарб з якога ўжо даўно варта зрабіць брэнд.
Фёдар Одрач (1912-1964)
Фёдар Одрач (сапраўднае прозвішча Шаламіцкі) скончыў Віленскі ўніверсітэт, працаваў настаўнікам у палескіх школах, а ў часы Другой Сусветнай вайны рэдагаваў “Ковельскую газету”. У студэнстве меў кантакт з беларускім асяродкам у Вільні, шчыра падзяліўся сваімі ўражаннямі пра Максіма Танка (гл.: Цягніком з Вільні ў Пінск). Знаходзячыся ў далёкай Канадзе не страціў духоўную сувязь з родным краем. Не забыўся на характар палешука, тутэйшы лад і гісторыі, якія давялося перажыць. Усё гэта дала магчымасць стварыць апавяданні, якія маюць попыт дагэтуль. Зусім нядаўна ў краіне кляновага ліста на ангельскай мове перавыдадзены ягоныя творы. Ва Украіне, а канкрэтна ў Ковелі, створаны сквер імя Фёдара Одрача. Намаганнямі грамадскай супольнасці і мясцовага лясгасу сквер заклалі ўвесну 2012 года. Ён знаходзіцца на левым беразе ракі Турыі і тут расце звыш 200 бяроз, клёнаў і ясеняў. У Луцкім універсітэце перыядычна ладзяцца імпрэзы ў гонар палешука.
Чаму ж так шануюць памяць дзе заўгодна, але не на роднай Піншчыне? Няўжо ўсё з-за таго, што ён пісаў па-украінску? Ды, канечне не, бо на якой бы мове не пісаў, а сё ж пра роднае, ўсе думкі тут. Як мяркуе гісторык, старшыня Украінскага навукова-педагагічнага саюзу “Берагіня” (Берасцейская вобласць) Віктар Місіюк усё з-за таго, што пісьменнік меў дачыненне да ўкраінскага нацыянальнага руху. Ёсць канкрэтныя доказы супрацоўніцтва Одрача з украінскімі падпольнымі арганізацыямі ў час вайны. Пра тое кажа і гісторык Аляксандр Ільін, сцвярджаючы, што атачэнне пісьменніка было ў большым з чальцоў УПА. Так ці не, але ж мы разглядаем Одрача не як грамадска-палітычнага дзеяча, а як літаратара.
Выданні Фёдара Одрача
Палешук не хавае свайго непрымання бельшавісцкага парадку і такіх як ён былі мьёны. Цяпер усе добра ведаюць пра злачынствы сталіністаў, таму гэта сітуацыя з Одрачам штучная. Яна не адпавядае часу.
(…) Сельскае насельніцтва Палесся стала перад цалкам новай з’явай – пастаяннай сустрэчай з уладай. Яшчэ перад Першай Сусветнай вайной паляшук вельмі рэдка сустракаўся з царскімі прадстаўнікамі ўлады, прыставамі або валаснымі чыноўнікамі. За польскім часам, па старой звычцы, паляшук, як правіла, ўхіляўся сустракацца з паліцэйскімі, гміннымі работнікамі і таму падобнае. Словам – далей ад улады! І былая царская „улада”, або больш позняя, польская, і не лезлі без патрэбы на сяло. З’яўленне польскага паліцэйскага ў сяле выклікала жахлівую сенсацыю. Наш селянін стагоддзямі знаходзіцца пад чужой уладай, арганічна не любіць гэтай улады і адчувае сябе кепска, калі ўлада наведвае яго роднае сяло… Была нядзеля, калі ў царкве ўжо білі званы на “Верую”, на пляцоўцы, пасярод вёскі, стаяла ўпрыгожаная трыбуна, на якой былі расцягнутыя транспаранты. Учарашніх агітатараў ужо не было, затое прамаўлялі новыя. Памятаю, з прозвішчам Левікаў. Першыя казалі дрэнна, картавячы і перапляталі свае словы лозунгамі. Трэцім па чарзе казаў Левікаў. Ён не выкрыкваў “ура, таварышы”, затое слова ў яго было дакладнае, казаў па-мастацку. Левікаў, канешне, гаварыў па-расейску, але казаў бліскуча і пераканаўча. Мне было нават дзіўна, што такога прамоўцу даслалі ў забітыя палескія сёлы; яму б казаць дзесьці ў горадзе, людзям адукаваным… – пісаў пра прыход саветаў Фёдар Одрач.
Царква Праскевы Пятніцы ў Мясяцічах
Ёсць куды і больш рэзкія словы, але гэта была рэчаіснасць ад якой пісьменнік не хаваўся. Ён усё фіксаваў дзякуючы чаму мы, нашчадкі, маем магчымасць адчуць вір тых падзей. Чытаючы яго, нібы сам робішся ўдзельнікам падзей, чуеш халодны, смяротны подых 70 гадовай даўніны. І ён не лякае, хочацца даведацца больш і больш, што там, а зазірні на тую вуліцу, раскажы, як было там ці ў той кавярні.
(…) Бальшавікі ўвайшлі ў Пінск з боку Караліна (габрэйскае прадмесце). Ударылі адтуль з гармат і скасілі выдатную рокаковую вежу кляштара езуітаў, не пашкадавалі таксама і праваслаўнага сабора – разбілі снарадамі дах і купала. Пінск ўжо ператварыўся цалкам у савецкі горад. Па вуліцах поўна чырвонаармейцаў, а таксама чырвонаармеяк у салдацкіх кашулях і ботах з гармонікавымі халявамі. На рынку, у манастыра грымелі з мегафона баявыя савецкія песні, рэстараны, бары былі перапоўненыя савецкімі салдатамі. З набярэжнай вуліцы гляджу на дэльту ракі Струмень, што ўліваецца ў Піну. Над вадой віднеюцца танкавыя лодкі Пінскай польскай „марынаркі”. Матросы, верагодна, патапілі і затым беглі на захад. Каля супрацьлеглага берага Піны шмат ваенных савецкіх параходаў – гэта ўпершыню прыбыла сюды Дняпроўская флатылія. Вялікія прыгожыя параходы зрабілі на мяне прыемнае ўражанне. Гэтак жа і матросы мелі нейкі „чалавечы” выгляд. У чорных касцюмах, у чорных шынялях з добрага сукна, яны рэзка адрозніваюцца ад пехацінскай беднай і шэрай масы. На канцы былой Кіеўскай вуліцы яны занялі вялікі каменны будынак пад казармы…, – з успамінаў Одрача.
Спадчына Фёдара Одрача патрабуе адкрыцця не толькі для цяперашняй беларускай часткі Палесся, а для ўсёй Беларусі. Ягоныя творы мусяць убачыць свет па-беларуску і адназначна, гэта аздобіць айчынную гістарычную літаратуру, паспрыяе лепшаму разуменню трагічных падзей 1939-44 года. А колькі Одрач напісаў шчырых, цёплых слоў пра родную зямлю. Колькі заўважыў незвычайнага, што цяпер магчыма браць на ўзбраенне пры распрацоўцы нейкіх мясцовых культурна-турыстычных брэндаў. Гэта куфар, які пакрыты пылам, абцягнуты павуціннем з-за нядбалага стаўлення гаспадароў, нас з вамі, але ўнутры ззяе скарб.
Старажытныя могілкі ў Мясяцічах
Мясяцічы, а што Мясяцічы… Прынамсі год таму, калі давялося ўчарговы раз трапіць у роднае сяло пісьменніка, то яшчэ былі жывыя дзве бабулькі, якія памятаюць Одрача. Паказалі, дзе была ягоная хата. Яны ўзгадваюць хлопца Фёдара, які вярнуўся дадому ў 1939 годзе, а ў часе вайны кудысьці знік. Пра дальнейшы лёс даведаліся ад дачкі Эрмы, якая ў 2010 годзе наведалася з сям’ёй на малую радзіму бацькі. Англамоўны чалавек ведае мясцовую гаворку, бо навучыў бацька, арыентуецца ў традыцыях, бо навучыў бацька і шмат чаго ад бацькі, распавядалі бабулі. Куды большы аўтарытэт для мясцовых былы палкоўнік царскай арміі Іван Кірдан (гл.: Няпросты крыж протаірэя Іаана). Гэта таксама сапраўды ўнікальная асоба, якая мела кантакт з Одрачам, а пісьменнік некалькі размоў выкарыставаў у апавяданнях. Увогуле, гэтае палескае сяло вартае таго, каб сюды завітаць нават з-за свята Дзясятухі (гл.: Цуд на Палессі. Дзясятуха).
Застаецца спадзявацца, што 105-годдзе Фёдара Одрача ўсё ж не застанецца па-за ўвагай і гэта будзе добрая нагода, каб вывесці светлае імя з ценю забыцця.
Беларускае Радыё Рацыя