Да 150 годдзя “Украінскай Касандры”: выстаўка творчасці Лесі Украінкі
24 лютага 2021 г. а 16 гадзіне на 2-ім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё кніжнай выставы “Украінская Касандра”.
25 лютага спаўняецца 150 год з дня нараджэння Ларысы Пятроўны Косач-Квiткі, вядомай ва ўсім свеце як Леся Украінка. Адна з найвыбітнейшых асоб украінскай культуры не проста вывела ўкраінскую літаратуру на новы ўзровень, а таксама стаяла ў авангардзе нацыянальнага руху.
Выстаўка пазнаёміць з вялікай колькасцю дакументаў, якія адлюстроўваюць багатую спадчыну Лесі Украінкі: поўнымі зборамі твораў, публіцыстыкай і лістамі, успамінамі сучаснікаў, літаратурна-біяграфічнымі партрэтамі. Наведвальнікі змогуць пабачыць выданні твораў паэткі 1920–1940-х гг. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Для даследчыкаў творчасці будзе прадстаўлена каштоўнае выданне “Лариса Петрівна Косач-Квітка (Леся Українка): біографічні матеріали, спогади, іконографія” (2015 г.), якое складаецца з арыгінальных тэкстаў Лесі Украінкі, успамінаў, артыкулаў і фотаздымкаў. Большая частка кнігі – успаміны і лісты Ізідоры Косач-Барысавай, сястры Лесі, спадчына якой ніколі не выдавалася. Раздзел “Іканаграфія” змяшчае невядомыя дакументы з прыватных архіваў.
У экспазіцыі будзе паказана і музычная спадчына выдатнай украінкі: копіі нотных запісаў песень, створаных на вершы Лесі Украінкі, і зборнік народных украінскіх песень, запісаных з яе голасу.
На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Выстаўка будзе працаваць да 25 траўня 2021 г. у кальцавым калідоры 2-га паверха.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.